Працоўныя “Нёмана” на мяжы забастоўкі

|

Як паведамляе прэс-служба “За Свабоду”, зварот працоўных “Нёмана” скіраваны міністру архітэктуры і будаўніцтва Беларусі. Калектыўны ліст падпісала тысяча супрацоўнікаў прадпрыемства.

Людзі паведамляюць міністру Аляксандру Селязнёву пра крытычную сітуацыю, якая склалася на прадпрыемстве: работнікаў некаторых участкаў з парушэннем працоўнага заканадаўства перавялі на няпоўны працоўны дзень без выплаты адпаведнай кампенсацыі, пачаліся рэгулярныя затрымкі заробкаў, а самі яны істотна зменшыліся, дадатковае харчаванне за шкодныя ўмовы працы даюць са спазненнем, а якасць прадуктовага набору істотна пагоршылася, за апошнія гады пры захаванні старых тэхналогіяў рэгулярна падвышаюць норму вырабаткі (апошняе падвышэнне запланавана на канец году адразу на 20%).

Па словах рабочых бярозаўскага шклозаводу, на прадпрыемстве наспявае канфліктная сітуацыя. Многія не бачаць выйсця і гатовыя нават на несанкцыяваную забастоўку. Падпісанты калектыўнага звароту просяць міністра архітэктуры прыняць асабісты ўдзел у вырашэнні сітуацыі, якая склалася на прадпрыемстве ААТ “Шклозавод “Нёман” і разгледзіць пытанне пра службовую неадпаведнасць цяперашняга кіраўніцтва шклозаводу, якое, на думку рабочых, вінаватае ў эканамічных праблемах прадпрыемства.