Без візы, па Нёману, на хвалях свабоды

|

Каля дзесятка юнакоў і дзяўчат, што прыйшлі падтрымаць акцыю кампаніі «Без візы!», адправілі ў далекае плаванне свае мары аб краінах і месцах, дзе хацелі б пабываць, каб, няглядзячы на перашкоды, яны абавязкова здейсніліся.

 

Ідэя акцыі «Караблікі свабоды» ўзнікла ў гарадзенскіх валанцёраў. Яе падтрымалі і іншыя гарады: Мінск, Магілёў і Брэст.

 

Валанцёрка кампаніі «Без візы!», Алена, расказвае, што рознакаляровыя папяровыя караблікі – гэта сімвалы дзяцінства, свабоды, калі няма ніякіх перашкодаў, і для цябе адчынены ўвесь свет.

 

– Большасць з тых, хто прыйшоў на акцыю, гэта – студэнты, маладыя, актыўныя людзі, якія хочуць падарожнічаць і пазнаваць свет. Мы жывем у цэнтры Еўропы, але не адчуваем сябе яе часткай. Мы амаль зачыненыя ў межах Беларусі. Бо, каб патрапіць у Еўразвяз, трэба прайсці шмат бюракратычных працэдур, ды і 60 еўра за візу – вялікія грошы, асабліва калі ты студэнт і жывеш за грошы бацькоў. Акцыя «Караблікі свабоды» – своеасаблівы пратэст візаваму рэжыму і спосаб прыцягнення ўвагі грамадства да візавага пытання. Праз гэтую акцыю мы хацелі сказаць, што адмена візаў – гэта рэальна, неабходна і правільна.

 

Дзяўчына з ружовым караблікам, Настасся, даведалася пра акцыю праз групу ЎКантакце і вырашыла падтрымаць яе:

 

– Мне заўсёды хацелася патрапіць ў Італію, гэта мара, з якой паплыў мой караблік. Зразумела, што візы – не адзіная перашкода для здзяйснення гэтай мары, але я спадзяюся, што іх адмена дапаможа нам адчуць сябе свабоднымі, гатовымі ў любую хвіліну апынуцца ў любой частцы свету, дзе б нам схацелася.

 

Фота аўтара