Японскія навукоўцы пазнаёмяцца з польскай спадчынай Заходняй Беларусі

|

Праграма “Спадчына Крэсаў” (Dziedzictwo Kresów) рэалізуецца ўжо трэці раз. У 2008 годзе японскія даследчыкі спазнавалі феномен шматкультурнасці польска-ўкраінскага памежжа, а ў 2010 – падарожнічалі па мяжы Польшчы і Літвы.

 

Гэтым разам у навуковай паездцы бярэ ўдзел 21 прадстаўнікоў EU Institute in Japan Tokyo (які сам з’яўляецца кансорцыюмам 4 японскіх ВНУ). Цягам 10 дзён яны плануюць знаёміцца з месцамі Заходняй Беларусі, што звязаныя з творчасцю польскіх пісьменнікаў і артыстаў ды гісторыяй Рэчы Паспалітай. Гэтак, Гродна і ваколіцы ўдзельнікі праекта будуць разглядаць у кантэксце творчасці Элізы Ажэшкі, перадусім яе рамана “Над Нёманам”. Іншыя арыенціры – жыццё і творчасць Адама Міцкевіча ці гісторыя буйных магнацкіх родаў Сапегаў і Радзівілаў (Нясвіж). Мінск у сваю чаргу цікавы гасцям як Горад Сонца – архітэктурны помнік манументальнай утопіі.

 

Сёлетні навуковы візіт – апошні ў пяцігадовай праграме “Спадчына Крэсаў”. Праграма ўжо дазволіла японскім навукоўцам-адмыслоўцам у пытаннях гісторыі і культуры Сярэдняй і Усходняй Еўропы пазнаёміцца са сваімі калегамі з Польшчы, Украіны і Літвы, а ў гэтым годзе – з Беларусі.

 

На здымку – удзельнікі  праекта ў 2010 у Літве

 

Паводле PAP 

Здымак panorama.mck.krakow.pl