Гарадзенскія габрэі адзначылі Хануку

| Без катэгорыі

Пра святкаванне расказвае старшыня гарадзенскай іудэйскай рэлігійнай абшчыны Барыс Квяткоўскі:

 

“Для нас гэта свята, якое мы святкуем боль за дзве тысячы год, азначае перамогу дабра над злом. Легенда кажа, што пасля амаль 30-гадовай вайны першасвятары зайшлі ў храм і шукалі алей, якім хацелі падпаліць знічы. Ім удалося знайсці толькі маленькі збаночак, якога мусіла хапіць толькі на адну знічку, якая магла гарэць толькі адзін дзень. Аднак іх жаданне было такім вялікім, што масла хапіла на ўсе знічкі і яны гарэлі восем дзён”.

Барыс Максавіч Квяткоўскі запальвае ханукальныя свечы

 

Свята пачынаецца ў 25 дзень габрэйскага месяца Кіслева і доўжыцца восем дзён, у гэтым годзе – з 8 па 16 снежня.

 

“Гэтым разам мы сабралі няшмат народу, – кажа Барыс Квяткоўскі. – Хіба спужаліся абяцаных праз тэлевізар вялікіх маразоў, таму да нас прыйшло менш людзей, чым у мінулыя разы.

 

Хачу заўважыць , што гэтае свята мае свае асаблівасці адзначэння для Беларусі. Кожны раз мы гатавалі для прысутных розныя стравы прыгатаваныя на алеі: ці то нейкія піражкі, ці то нейкія пончыкі, а для Беларусі асаблівасць гэтага свята – дранікі”.

Ханукальныя пончыкі

 

Спадар Барыс таксама адзначыў, што ў розных краінах ёсць звычай запрашаць ганаровых гасцей, што разам з равінамі маюць гонар запальваць Хануку. У Нямеччыне гэта некалькі раз рабіла канцлер Ангела Меркель, у Маскве – былы мэр Юры Лужкоў. У Гродне некалькі год таму гэта рабіў Ігар Папоў, загадчык аддзелу па пытаннях рэлігіі і нацыянальнасцей аблвыканкама.

Ханукальны пончык – агульная для ўсіх габрэяў традыцыя, хаця ў Беларусі асаблівасцю з’яўляюцца ханукальныя дранікі.

 

Здымкі Вольгі Мілавай