Міліцыянтаў, якія ў Лідзе жорстка выбівалі паказанні з падазраваных, прыгаварылі да чатырох і шасці гадоў

Аднаму з міліцыянтаў, старэйшаму званнем, прысудзілі чатыры гады, яго падначаленаму – шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці, але з пазбаўленнем права займаць пасады цягам пяці гадоў. Таксама асуджаных пазбавілі іх міліцэйскіх званняў. Агулам яны павінны выплаціць пацярпелым 65 млн рублёў. Вырак суда не ўступіў у законную сілу, абодва бакі могуць яго абскардзіць.

 

Міліцыянтаў затрымалі ў 2014 годзе, у пачатку чэрвеня таго ж году супраць іх узбудзілі крымінальную справу па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэксу – перавышэнне паўнамоцтваў з выкарыстаннем гвалту. Артыкул прадугледжвае ад 3 ад 10 год пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без і з забаронай займаць пэўныя становішчы ці выконваць пэўныя функцыі.

 

СМІ паведамлялі тады, што затрыманыя гарадзенскія міліцыянты ў час камандзіроўкі ў Ліду здзекаваліся з падазраваных, выкарыстоўваючы процівагазы і палкі, якія, нібыта, устаўлялі ў анальныя адтуліны ахвяр.

 

У Гродне судзяць міліцыянтаў, якіх падазраюць у перевышэнні паўнамоцтваў

 

Суд Кастрычніцкага раёна разглядаў справу з красавіка 2015 года. На чацвёртым пасяджэнні, якое прайшло 13 мая, суддзя Дзяніс Раманішка вырашыў разглядаць справу ў закрытым рэжыме. Аб гэтым хадайніцтвала пракурор, бо калегі абвінавачаных нібыта пагражалі пацярпелым. Хадайніцтва падтрымалі і адвакаты міліцянтаў. У выніку на наступных пасяджэннях прысутнічалі толькі пацярпелыя, абвінавачаныя, пракурор, адвакаты і сведкі. 12 студзеня 2015 года суддзя абвясціў толькі рэзалютыўную частку прысуду.

 

Фота: Уладзімір Федарэнка, sputnik.by