Літаратурную прэмію імя Цёткі ўручылі ў Гродне
Міжнародны дзень паэзіі быў абраны для ўручэння ўзнагарод невыпадкова. Менавіта Гродзенская пісьменніцкая арганізацыя першай у нашай краіне пачала адзначаць гэтае свята. Да свята яе сябры кожны год імкнуцца падрыхтаваць нейкія падарункі для сваіх чытачоў, рыхтуючы цікавыя імпрэзы, тэматычныя вечарыны, прымяркоўваюць важныя падзеі.
Так, напрыклад, у мінулым годзе ў школе №3 быў адкрыты адмысловы музейны пакой “Гарадзеншчына літаратурная”. Тут праходзяць сустрэчы з паэтамі ды пісьменнікамі, ладзяцца літаратурныя вечарыны, праводзяцца ўрокі беларускай мовы ды літаратуры.
Прэзентацыю свайго літаратурнага альманага гарадзенскія паэты і пісьменнікі таксама імкнуцца рабіць у Міжнародны дзень паэзіі. А вось у гэтым годзе акурат уручалі прэмію Першага абласнога літуратурнага конкурса імя Цёткі.
align=”middle” alt=”Літаратурная прэмія імя Цёткі” >
Гэтую важную падзею наведалі не толькі студэнты, але і выкладчыкі ГрДУ, частка з якіх была ў журы конкурса. Як кажуць арганізатары, выбіралі лепшых з лепшых. Па некаторых кандыдатурах былі вельмі вялікія спрэчкі:
“Але тыя, хто зараз стаіць на сцэне, нараканняў не выклікалі. Спрэчак па іх творам не было”, – зазначылі вядучыя мерапрыемства.
У намінацыі “Проза” прэмію атрымала Ніна Рыбік, галоўная рэдактарка газеты “Астравецкая праўда”. На суд журы яна прадставіла рукапіс будучай кнігі “Скрыжаванне”. У намінацыі “Паэзія” прэміі атрымалі Аляксандр Слашчоў і Ала Клемянок.
Пераможцы (злева направа): Ніна Рыбік, Ала Клемянок, Аляксандр Слашчоў
Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт забяспечыў грашовы бок прэміі: 140 базавых велічынь на выданне зборніка паэзіі і 150 – на прозу.
Галоўны спецыяліст па ідэалагічнай працы аблвыканкама Іосіф Грыбоўскі зазначыў:
“У 2011 годзе аблвыканкам падтрымаў ідэю гэтага літаратурнага конкурса. І вось сёння мы ўжо падводзім яго вынікі. Вельмі прыемна, што многія пісьменнікі і паэты Гарадзеншчыны, як знаныя, так і пачаткоўцы, прынялі ўдзел у ім.
Упэўнены, што гэты конкурс дасць штуршок для ўдзельнікаў, якія будуць праслаўляць беларускую мову, беларускую літаратуру сваёй творчасцю”.
Ала Клемянок ды Аляксандр Слашчоў зачыталі некалькі сваіх вершаў, а Ніна Рыбік падзякавала арганізатарам і журы за іх сумленную працу.
Абласны літаратурны конкурс імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч) будзе праводзіцца ў нашым горадзе раз у два гады. І ўжо зараз арганізатары заклікаюць літаратараў пачаць актыўна рыхтаваць свае творы для таго, каб прыняць удзел у ім.
Здымкі Яна Лялевіча