Стрэлы ў Ватыканскай бібліятэцы
Сусветна вядомы гісторык і спецыяліст у справе сімвалаў Роберт Лэнгдан, які тры гады таму на нашых вачах раскрыў таямніцу святога Грааля, ізноў ідзе па слядах чарговай таемнай і антыкаталіцкай арганізацыі. Брацтва Ілюмінатаў, гісторыя якога налічвае чатыры стагоддзі, вось-вось нанясе вырашальны ўдар па Каталіцкай Царкве. Час выбраны надзвычай удала – трон Святога Айца пусты і кардыналы занятыя выбарам новага Папы. Толькі Роберт разам з прывабнай даследчыцай Вікторыяй, могуць прадухіліць найгоршае. Калі б яшчэ ватыканская паліцыя не блыталася пад нагамі…
У першыя хвіліны здаецца, што стужка такая ж занудная, як і папярэдняя – «Код Да Вінчы». Але не, напружанне расце ў другой палове фільма, а для тых, хто як і я, не чытаў першакрыніцы, гарантаваны нечаканы сюрпрыз у фінале. Сюжэт развіваецца ўсё хутчэй, на вуліцах Ватыкана ўсё большы хаос, дзяруць горла натоўпы людзей, якія чакаюць выбару новага Папы, афіцыйным асобам не адбіцца ад рэпарцёраў, а справы, між іншым, усё больш сур’ёзныя.
Кожная страчаная хвіліна гэта меншыя шанцы на рашэнне загадкі Ілюмінатаў і ўратаванне чатырох выкрадзеных кардыналаў. Са станоўчых момантаў, акрамя выдатнай, вельмі атмасфернай музыкі Ганса Цымэра, варта адзначыць Тома Хэнкса. Ён увайшоў у ролю і яму яна яўна падабаецца. Гэта, канешне, не Форэст Гамп і не Пол з «Зялёнай Мілі», але мы на гэта і не спадзяваліся: такое здараецца толькі раз. Мяркую, мы ўжо можам чакаць пачатку прац на чарговай экранізацыяй Дэна Браўна, тым больш, што трэці том прыгод Лэнгдана павінен з’явіцца ў продажы ўжо ў верасні.
Сюжэтная лінія – змаганне з брацтвам Ілюмінатаў – ілюструе традыцыйнае супрацьстаянне рэлігіі і навукі, веры і розуму. Гэта насамрэч выдатная глеба для стварэння тэорый загавару. Тым больш, што чалавек заўсёды імкнецца ведаць тое, што ад яго хаваюць моцныя гэтага свету. Не баяліля б кінастудыі таўра антысемітызму – знялі б і пра жыдоўскую змову кіно. І, няма сумневу, зарабілі б нямала. Вось увесь сакрэт поспеху пісьменніка Дэна Браўна.
Апошнія сцэны фільма ў маім успрыняцці дзіўным чынам пераклікаюцца з небаўшэсцем. Ахвярны характар дзянняў аднаго з герояў (не скажу каго, каб не псаваць прагляду) таксама нешта вельмі моцна нагадвае. Гвалтоўны павеў ветру – вынік выбуху антыматэрыі – не інакш як Дух Святы, сапраўдны deus ex machina. Але будзьма ўважлівымі – свет поўны фальшывых прарокаў… Як вызначыць жанр стужкі? Крымінальны трылер пра опіум для народа, баявік на плошчы святога Пятра, дэтэктыў у Ватыканскай бібліятэцы? Усяго патроху. І ўсяго ў меру.
Фільм: Анёлы і дэманы / Angels and Demons, ЗША, 2009 г., 138 хв.
Рэжысёр: Рон Говард Жанр: дэтэктыў, трылер
Асабістая ацэнка: 7/10
Аляксей Шота