Правыя графіці ў Львове

Януковіч з прабітай галавой, Дывізія СС “Галіччына”, партрэты забітых фанатаў-ультрас – вось толькі некаторыя тэмы, якія натхняюць заходнеўукраінскіх графітчыкаў.


Графіці фармуюць вобраз горада не горш за ягоную архітэктуру. Львоў, вядомы сваімі ультраправымі настроямі, сведчыць аб гэтым кожнаму прыхадню са сцен рэнесансных камяніц, міжваенных польскіх урадавых будынкаў, познесавецкіх спальных раёнаў.

Чэ – не львоўскі герой

 

Большасць ідэалагічных графіці тут – “правыя”. Ад матыву народнай выцінанкі да свастыкі. Анархісцкіх графіці – як правіла рускамоўных альбо з партрэтамі “Чэ” – мінімум, ды доўга яны “не жывуць”: замалёўваюць ідэйныя апаненты.

Кожная “правая” арганізацыя спрабуе сябе адзначыць ды прарэкламаваць (а часам – замаляваць іншых “менш правых” канкурэнтаў): “Патрыёт Украіны”, “Аўтаномны Супраціў”, “Трызуб”, УНСО…

 

Напрыклад, у раёне, дзе на мінулых парламенцкіх выбарах балатаваўся дэпутат ад Украінскай Народнай Самаабароны, дагэтуль можна пабачыць здаравезныя кругляшы з выявай герба арганізацыі не менш за метр у дыяметры.

Знакамітыя трафарэты з выявай Януковіча з прабітай галавой, за якія трое хлопцаў з Сумаў знаходзяцца зараз за кратамі, у Львове можна без праблем убачыць на вуліцы. Рэгіяналізм і тут грае сваю ролю: мажлівае ў Львове немажліва ў Кіеве ці Днепрапятроўску.

 

Гэта адносіцца і да цалкам легальных графіці, напрыклад, прысвечаных ОУН-УПА ў парку імя Хмяльніцкага. Яны былі зроблены падчас фестывалю “Пакрова” ўвосень 2009 года цалкам легальна, пры падтрымцы Гарадской рады.

Нелегальныя трафарэты робяцца ўначы, але не знікаюць удзень пад рознакаляровымі квадратамі і прастакутнікамі, як гэта адбываецца ў Беларусі. Гэты фактар з’яўляецца пастаянным стымулам для новага і новага крэатыву, а таксама падтрымлівае канкурэнцыю паміж рознымі арганізацыямі ды ідэямі, а не паміж актывістамі з аднаго боку ды супрацоўнікамі ЖКГ з іншага.

 

Здымкі аўтара, акрамя першага (графіці ў парку Хмяльніцкага, 2009 г., arhiv.ukrpohliad.org)