Андрэй Чарнякевіч пра маральны выбар выкладчыкаў
Карэспандэнт: Старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра прызнаўся, што прымаў асабіста загад наконт Вашага звальнення з гарадзенскага ўніверсітэта, як Вы гэта пракаментуеце?
Чарнякевіч: Нешта каментаваць даволі смешна, бо маю на руках выснову суда, дзе напісана, што я звольнены на падставе злоўжыванняў. У выніку апошняй заявы старшыні аблвыканкама атрымліваецца зусім дзіўная сітуацыя.
Па сутнасці, гэта прызнанне таго, што ні судовая сістэма, ні нават нейкая маральная ў нас не працуе. Можна толькі пашкадаваць, што гэтыя рэчы адбываюцца адкрыта і нават ні ў кога не выклікаюць здзіўлення”.
– Спадар Шапіра яшчэ папракнуў былога рэктара Яўгена Роўбу, што той марудзіў з Вашым звальненнем праз знаёмства з Вашым бацькам, які таксама працаваў ва ўніверсітэце…
– Справа ў тым, што ўніверсітэт – установа крыху асобная, тут шмат што трымаецца на чалавечых, навуковых адносінах, і людзі не з’яўляюцца ў навуцы выпадкова. Проста ў свой час яшчэ ў аспірантуры Яўген Аляксеевіч вучыўся і жыў у адным пакоі з маім бацькам.
Як шмат іншых выкладчыкаў – мы адзін аднаго ведаем. Таму прымаць некаторыя рашэнні, зусім пераступаючы праз мараль і асабістыя адносіны, дастаткова цяжка. Я б не сказаў, што гэта нейкім чынам паўплывала, але я ведаю Роўбу як вельмі добрага выкладчыка і навукоўца.
Што тычыцца адміністрацыйных пасад – гэта трошкі іншае. Напэўна, у дадзеным выпадку гэта быў свой асабісты рубікон. Але заўсёды знойдуцца людзі, якія хутчэй прымаюць рашэнні, якіх ад іх патрабуюць.
Адзінае, хачу падкрэсліць, што ўніверсітэт — гэта выкладчыкі і студэнты. Таму нават пасля звальнення я застаюся патрыётам гарадзенскага ўніверсітэта”.
– А тут наступная падзея: Ваш калега Ігар Кузьмініч таксама звольніўся. Ціск на выкладчыкаў не спыняецца?
– Ціск на Ігара пачаўся значна раней за маё звальненне. Яшчэ ў траўні 2012 года яму вельмі недвухсэнсоўна прапанавалі напісаць заяву. І цягам усяго гэтага часу працягвалі ціск. Таму ён трываў значна больш, чым я.
І мне падаецца, што год – гэта дастаткова, калі хтосьці кажа, што трэба было застацца, і так далей. Проста за гэты час стала відавочна, што магчымасці нейкай працы на карысць універсітэта ўжо зусім не засталося.
А чаму менавіта 2012 год, чаму дагэтуль можна было неяк знаходзіць нейкую лагуну, цяжка сказаць. Тут трэба запытацца людзей, якія яшчэ не прыйшлі да кіраўніцтва ўніверсітэтам, якія праводзяць ідэалагічную працу.
Я са свайго боку скажу, што мы з Ігарам аднадумцы, і гэта быў адзіны беларускамоўны выкладчык на юрфаку, што таксама шмат аб чым кажа.
– То бок тое, што прызначылі новага рэктара Андрэя Караля, сітуацыю не памяняла?
– Я зусім не ведаю гэтага чалавека, і мне падаецца, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе зусім пра іншыя асобы. А тое, што прыйшоў новы чалавек, як мы бачым, – пакуль не, нічога не змянілася, прынамсі ў лепшы бок.
– А такая сітуацыя тычыцца толькі гарадзенскага ўніверсітэта альбо і іншых ВНУ?
– Лепш за ўсё пра гэта напісаў у прадмове да „Гродназнаўства“ Алесь Смалянчук. Там напісана, што Гродна гэта якраз той горад у Беларусі, дзе амаль у першую чаргу гэтыя прынцыповыя пытанні падымаліся і заўсёды былі навідавоку.
Напэўна, гэта адбываецца і па іншых універсітэтах і ўстановах. Ці то там кіраўніцтва больш гнуткае і можа знайсці агульную мову, ці там іншыя прычыны. Але вось Гродна заўсёды адрознівалася ў гэтым плане тым, што гэтыя пытанні станавіліся прынцыповымі і вырашаліся так, а не інакш. Гэта ўжо наш досвед.
– А што для гарадзенскага ўніверсітэта азначае такая сітуацыя з выкладчыкамі?
– Я сказаў бы шырэй: не толькі для гарадзенскага. Гэта азначае чарговы рубікон, чарговы выбар пасля якога ўжо трэба ставіць пытанні не пра прафесійную арыентацыю, а пра чалавечыя якасці. Бо ўніверсітэт – гэта карпарацыя. І калі калегі не маюць магчымасці ці нейкіх якасцей, каб уголас заявіць пра тое, што яны ўсё ж такі вышэй за некаторыя пытанні, і не могуць выказацца разам, то напэўна гэта тады нешта кажа пра агульную сістэму вышэйшай адукацыі.
– Чым Вы займаецеся пасля таго, як сышлі з універсітэта, як складаецца Ваш лёс?
– Цяпер я спрабую скончыць кнігу, якая ёсць своеасаблівым працягам той працы, якой займаўся раней. Спрабую знайсці нейкую працу па спецыяльнасці і застацца ў Гродне – гэта прынцыповы момант. Я буду рабіць усё, каб застацца гісторыкам і гарадзенцам. Але пакуль афіцыйна беспрацоўны.
– А ці можна неяк паўплываць на спадара Шапіру, каб ён памяняў сваю пазіцыю, і, можа, неяк вярнуць Вас і спадара Кузьмініча? Ёсць сэнс звяртацца да яго?
– Звяртацца і казаць, напэўна, ёсць сэнс заўсёды. Бо маўчанне яшчэ з часоў маўклівага сойму азначала хутчэй слабасць. А наконт спадзеву? Цяпер, у гэтых умовах, пры такіх адносінах, кепска сабе ўяўляю, як мы можам вярнуцца ва ўніверсітэт. У выніку чаго?
Гэта прагучыць дзіўна, але нейкіх чынаў, якія б парушалі распарадак, тую ж ідэалогію, мы не рабілі. З іншага боку, мы ніколі не хавалі сваіх поглядаў і мяняць іх пакуль не збіраемся. Таму цяжка казаць.
Напэўна, гэта яшчэ можна было ўявіць крыху раней. Цяпер, пасля таго, як публічна прагучалі словы аб тым, што старшыня аблвыканкама асабіста звальняе выкладчыкаў, таму што яму нешта не падабаецца… Шчыра кажучы, баюся, што ўжо не. Цяпер, напэўна, не.
У снежні мінулага году Ленінскі раённы суд Гродна адхіліў пазоў гісторыка Андрэя Чарнякевіча, які імкнуўся аднавіцца на працы ў ГрДУ, адкуль яго звольнілі нібыта “за парушэнне працоўнай дысцыпліны”.
Сам Андрэй Чарнякевіч і яго калегі не маюць сумневу, што сапраўдная прычына – удзел у напісанні нашумелай кнігі “Гродназнаўства”.
Кніга напісаная вядомымі гарадзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі. У 38 параграфах аб’ектыўна апавядаецца пра тысячагадовую гісторыю горада. Аўтары: Алесь Госцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Святлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед.
Здымак svaboda.org