Ураджэнец Гродна Леон Бакст – адзін з самых дарагіх тэатральных мастакоў у свеце
У лютым гэтага года ў Парыжы аўкцыённы дом Sotheby’s прапанаваў тры эскізы тэатральных касцюмаў Бакста. Гэта творы зробленыя ў апошнія гады жыцця майстра. Іх пачатковы кошт склаў 80 тысяч еўра.
Раней, у снежні 2012 года ў Нью-Ёрку, аўкцыённым домам Sotheby’s за 165 тысяч даляраў прадаў невялікага памеру эскіз касцюма адаліскі да балета “Шахерэзада”.
У Лондане ў траўні 2012 года на аўкцыёне Christie’s быў усталяваны рэкордны кошт на твор Леона Бакста. Акварэльны твор “Жоўтая султанша” прададзены ананімнаму пакупніку за амаль 1 500 000 даляраў (937 000 фунтаў стэрлінгаў).
Нарадзіўся Бакст (сапраўднае імя Леў Розенберг) у 1866 годзе ў Гродне, у сям’і габрэйскага вучонага-талмудыста.
Свой творчы шлях Бакст пачынае ў Санкт-Пецярбургу, дзе ўладкоўваецца вольным слухачом у Акадэмію Мастацтваў. Зарабляе ілюстрацыяй кніг, удзельнічае ў выставах суполкі акварэлістаў. На сваёй першай выставе прымае псеўданім Бакст – скарочанае прозвішча сваёй бабулі – Бакстэр. У 1893-1897 жыве ў Парыжы. Прымае ўдзел у заснаванні часопіса “Мир искусства”. Графіка Бакста, надрукованая ў гэтым часопісе, прыносіць яму вядомасць.
Тэатральна-мастацкія праекты Сяргея Дзягілева*, ды жыццё у Парыжы раскрываюць талент Бакста ў поўнай меры.
У Францыі, дзе мастак стала жыў з 1907 года, на яго падзейнічала духоўная свабода, творы сталі больш смелымі ды пачуццёвымі. Дынамічныя формы, эратычнасць – характэрная асаблівасць, якая зрабіла яго творы наватарскімі ў свеце тэатральнага мастацтва.
Творы Леона Бакста прадстаўляюць гледачам у адным шэрагу з рускімі творцамі. І толькі сціплая і кароткая пазнака ў біяграфіі – нарадзіўся ў Гродне – робіць Бакста нашым суайчыннікам.
У Гродне няма дома-музея Леона Бакста, а аднаіменная вуліца знаходзіцца на гарадской акраіне – у Фабрычным. Але яшчэ адну маленькую ўзгадку знайсці атрымалася! Сувенірныя магніты з выявай твора знакамітага майстра можна набыць у “Хаце мастака”, па зусім не аўкцыённым кошце 4500 беларускіх рублёў.
*Дзягілеў – арганізатар выступаў рускіх артыстаў за мяжой, г.зв. “Рускіх сезонаў”.