Слухайце свой арганізм

|

Я ўзгадала пра гэтае, калі знайшла ў хаце стары журналісцкі нататнік.

Жыла ў нашым горадзе выдатны фізіятэрапеўт Людміла Іосіфаўна Лапаткіна. На жаль, нават геніяльныя дактары старэюць і сыходзяць з жыцця… Яна цудоўна валодала іглаўкалваннем, правучыўшыся гэтаму майстэрству 6 гадоў у аднаго ці то японца, ці то кітайца. Аб чым і распавядала мне на сеансах, якія прапісала мне… я сама. Проста хацелася паэксперыментаваць: па-першае, зразумець, ці дзейсны гэты сродак, а па-другое – чаму? Тады ўпершыню і зайшла гутарка аб «разумнасці» нашага арганізма.

– Ніколі не пратэстуй, нават калі на дыеце! Хочаш булку, з’еш суп з фасоллю. – Казала Людміла Іосіфаўна.

– А сувязь?

Апынулася – самая непасрэдная. Калі хочацца салодкага, гэта значыць нам бракуе вугляроду або фосфару. І досыць з’есці… яйка, каб перахацелася пірожнага. Дыетолагі раяць замяшчаць адны прадукты іншымі, каб і арганізм «супакоіць» і не забяспечыць яго лішнімі калорыямі. Асабліва лёгка гэта зрабіць улетку…

Раю вам карыстацца такой невялікай шпаргалкай:

Калі вельмі хочацца шакаладу, вам не хапае магнія. Ужывайце свежыя (не смажаныя) гарэхі і насенне, бабы, садавіну.

Слодычы (недахоп хрому, вугляроду, фосфару і серы! Такі вось доўгі спіс, можа, менавіта таму ўсе так іх любяць) замяняюць брокалі, вінаград, мяса куранятаў, свежая садавіна, ялавічына, яйкі, малочныя прадукты, бабы, збожжа, журавіны, хрэн, любая капуста.

Калі вы бясконца ўжываеце хлеб (адзін мой знаёмы есць з хлебам нават макароны!), вам не хапае азоту. Тады патрэбна высокапратэінавая ежа: рыба, мяса, гарэхі, бабы.

Тлустая ежа «сігналізуе» пра недахоп кальцыя, яе можна замяніць рэпай, капустай, сырам, кунжутам. Але зараз дыетолагі кажуць, што, напрыклад, сала – безсэнсоўна пакрыўджаны прадукт. Ад невялікага ўжывання сала кілаграмы не прыбаўляюцца, затое лепей працуе галава.

Калі вы бясконца п’яце каву, значыць не хапае фосфару і серы. Замест чарговага кубка з’ешце яечны жаўток, чырвоны перац, салат з зялёнай цыбулі, талерачку чарэшні.

Аказваецца, што і алкаголь сведчыць пра недахоп звычайнага…бялку, а яшчэ кальцыя і калія. Дарункі мора, малочныя прадукты, гарэхі, высушаныя на сонцы чорныя масліны, булён з бульбяных ачыстак – замест шклянкі. Добрая альтэрнатыва!

Пры агульным пераяданні ўжывайце батат, шпінат, гарэхі, зялёную і чырвоную садавіну і гародніну, бараніну, пазбягайце рафінаваных крахмалаў.

Прыкладна тое ж самае рэкамендуецца і пры… страце апетыту: гарэхі, насенне, бабы, печань і іншыя субпрадукты. А яшчэ – тунец, палтус, ялавічына, кураня, індычка.

Л.Леонт

Фота http://www.mykadr.ru