Як у Гродне 85 гадоў таму меўся адбыцца аднаполы шлюб
Скандальнаму для тых часоў выпадку прысвяціла разгорнутую нататку ў рубрыцы мясцовых навінаў на апошняй паласе газета “Głos Prawdy Ziemi Grodzieńskiej” (“Голас праўды зямлі Гарадзенскай”).
“Служыла ў легіёнах Пілсудскага”
У нататцы паведамляецца, што ў Гродне затрымалі 22-гадовую жанчыну з Вільні, якая выдавала сябе за Юзафа Вароніча, а насамрэч называлася Яніна Бамблевічоўна (Бамблевіч). Яе шукала віленская паліцыя.
Устанавілі, што затрыманая служыла ў легіёнах Пілсудскага (хоць атрымліваецца, што нават на момант заканчэння савецка-польскай вайны ёй было ўсяго 14 гадоў – belsat.eu). Апранаючыся па-мужчынску і адрэкамендаваўшыся Юзафам Варонічам, яна пазнаёмілася з Ядвігаю Свалкоўскаю і праз некаторы час зрабіла ёй прапанову рукі і сэрца. 27 ліпеня 1927 года ў віленскім касцёле св. Яна адбыўся шлюб.
Жанчыны, якія служылі ў Легіёнах Пілсудскага. Фота polskieradio.pl
Праз два тыдні супольнага жыцця “спадар Вароніч” пакінуў жонку і з’ехаў. Праз некаторы час саламяная ўдава падала ў паліцыю заяву пра знікненне сужэнца.
Яніна Бамблевіч тым часам аказалася ў Гродне, дзе, не доўга думаючы, пазнаёмілася з нейкаю паненкаю, якой неўзабаве прапанавала выйсці за сябе замуж. Справы ішлі да шлюбу, які быў запланаваны ў Бернардынскім касцёле. Але пробашч напярэдадні атрымаў паведамленне, што… “жаніх ужо жанаты”.
“Казалі, што гермафрадыт”
Рэдакцыя дадае, што тварам і фігураю Бамблевіч больш нагадвае жанчыну, чымсьці мужчыну, хоць носіць мужчынскае паліто і высокія боты. “Сярод тых, хто яе ведаў, хадзілі чуткі, што гэта гермафрадыт, аднак лекары адназначна сцвердзілі, што гэта – жанчына”, – запэўніваюць журналісты. Аферыстку арыштавалі ды перадалі віленскай паліцыі.
Можна дапусціць, што пакуль навіна праз Варшаву дайшла да Нью-Ёрку, яна абрасла новымі фактамі і домысламі. Нельга не браць пад увагу і тое, што “дадумаць” падрабязнасці маглі і гарадзенскія журналісты.
“Ачмурала багатых жанчын выключна дзеля грошай”
У нумары “New Yоrk Times” за 1928 год чытаем:
“Польская жанчына, прыкінуўшыся мужчынам, ажанілася з іншаю жанчынаю дзеля грошай. Шлюб у Гродне (паўночная Польшча) быў перарваны паводле сенсацыйнай прычыны.
Святар ужо меўся распачаць цырымонію, аднак тут з’явілся жанчына, якая абвесціла, што жаніх – насамрэч не мужчына, а жанчына. Яна ўзяла мужчынскае імя ў час савецка-польскай вайны, калі, змяніўшы аблічнасць, служыла ў войску. Пасля вайны яна працягвала насіць мужчынскую вопратку і карыстацца мужчынскім імем. Ейнаю мэтаю было браць шлюб з заможнымі жанчынамі, атрымліваць іхныя грошы і пасля ануляваць шлюб”.
Сенсацыйная нататка з New Yоrk Times
Між іншым, Бамблевічы – шляхецкі род гербу Вужык (Wąż), распаўсюджаны на Ашмяншчыне. Антоні Бамблевіч, сын Яна, з вёскі Буйвіды Лідскага павету Віленскай губерніі быў удзельнікам паўстання 1863–64 гадоў, за што яго саслалі ў Сібір.