Відэапрывітанне з «Global pulse»
Мне пашанцавала прайсці конкурсны адбор на гэты семінар, таму я з’яўляюся «жывой» сведкай гэтага глабальнага дзейства, калі кожную краіну, якая ўваходзіць у СНД, прадстаўляла два чалавекі! На семінары прысутнічалі дэлегаты з Украіны, Беларусі, Расіі, Малдовы, Арменіі, Азербайджану, Грузіі, Туркменістану, Узбекістану, Кыргызстану, Казахстану і Таджыкістану. Можна сабе ўявіць, колькі розных культураў і традыцый давялося сустрэць у гэтыя шэсць дзён на вуліцах сталіцы Украіны.
Нас усіх перамяшалі і пасялілі ў адным гатэлі ў цэнтры Кіева. І толькі мы паспелі адпачнуць пасля доўгай дарогі, як зноўку трэба было напружвацца, таму што па-руску там размаўлялі не так шмат, як па-англійску, але мы людзі адукаваныя, таму адзін аднаго цудоўна разумелі.
>
Трэнінгі па азах відэажурналістыкі праводзілі з намі Chris Schuepp (Germany) і Katherine Maher (USA). На працягу дня нас кармілі на убой, таму ранкам мы крышку спазняліся на заняткі. Але па плане ў 9.00 у нас пачыналася «рэдакцыя», то бок мы планавалі наш дзень і падводзілі вынікі за мінулы. Потым, бліжэй да абеду, мы здавалі матэрыялы, якія былі знятыя паміж сняданкам і поўднем, манціравалі ўсе разам, потым хтосьці штосьці яшчэ даздымаў, і з 18.00 мы мелі вольны час. Усе яго запаўнялі па-рознаму, а мы з сяброўкамі з Грузіі аглядалі Кіеў, заходзілі ў музеі, былі ў пабах і клубах, сузіралі знакамітыя архітэктурныя каштоўнасці ўкраінскай сталіцы.
Што і казаць, горад вельмі прыгожы, проста замілоўвае і ў дзень і ў вечар.
Галоўнае, што мы павінны былі зрабіць на семінары як удзельнікі і навучэнцы – гэта срэжысіраваць і зняць пяціхвілінны фільм пра сябе, а таксама зрабіць аднахвілінны фільм па адным з артыкулаў з «Канвенцыі па правах дзіцяці». Напрыклад: «Кожнае дзіцё мае права на адпачынак», і крыху падумаўшы і ўявіўшы сабе карцінку, якая алегарычна ці празаічна адлюстроўвае гэты артыкул, ты ідзеш і здымаеш міні-фільм, выкарыстоўваючы ў гэтых мэтах любыя сродкі.
Я памятаю нашыя паходы ў падземкі, на дахі, як мы аціраліся каля помнікаў і ладзілі пераслед за маленькімі дзецьмі па вуліцах, каб зрабіць іх акцёрамі сваіх фільмаў. Шукалі страшных і галодных дзяцей на вакзале, але ўсё было безпаспяхова – і мы пераапраналі адзін аднаго і спрабавалі напоўніць вочы сумам і голадам. У самы першы дзень мы прэзентавалі свае работы, паказвалі ролікі пра свае гарады і краіны, здзіўляліся, які ўсё ж такі на Зямлі розны ўклад жыцця.
Як высветлілася, у шмат якіх краінах існуюць моладзевыя тэлевізійныя цэнтры, у якіх дзеці могуць трэніравацца ў гэтай сферы і рэалізоўваць сябе, а ў нашым горадзе такога нават не нафастрыгоўваецца … На вялікі жаль. Гэтая паездка дала кожнаму з нас толькі новых сяброў, але і перспектывы на далейшае супрацоўніцтва, на шчыльнае сяброўства з ЮНІСЕФ і г.д. Так! Галоўнае – мець талент! А з ім можна горы звярнуць, і пасля гэтага семінару я ўпэўнілася ў гэтым зноў.
Лізавета Гарохава
Фота аўтара