Вясновыя вогнішчы прынеслі першыя страты: у Слонімскім раёне згарэў дом і падворак

|

Гаспадыня дома ў вёсцы Залессе Слонімскага раёна спальвала ў двары смецце.



Як паведамілі “Твайму стылю” ў прэс-службе Гродзенскага МНС, калі полымя “пабегла” па сухой траве – жанчына яго затаптала, але вогніўча пакінула дагараць, а сама пайшла прыбірацца ў доме.


Праз нейкі час адчула пах дыму, выбегла і ўбачыла, што ўжо гарыць сцяна.

 

 

У выніку распачаўся пажар, у якім згарэў дом, падворак, гаспадарчыя пабудовы  і ўся маёмасць.

Сям’я у часе рамонту дома будзе жыць у сваякоў у суседняй вёсцы.


 

З надыходам сапраўднай вясны гаспадары пачалі прыборку прысядзібных участкаў і часам забываюцца, што спальванне смецця і выпальванне травы – не толькі парушэнне супрацьпажарнай бяспекі і прыродаахоўнага заканадаўства, але і пагражаюць самім людзям.

Паводле арт.20 Закона РБ “Пра раслінны свет” выпальванне сухой расліннасці і яе рэшткаў забаронена.

Паводле арт.15.57 КАП РБ парушальнікам пагражае штраф у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. Калі парушэнне прывяло да стратаў у асабліва буйным памеры, наступае крымінальная адказнасць (арт.270, 276 КК РБ).

 

Варта памятаць, што з-за палаў не толькі гінуць насякомыя, птушкі, расліны, дэградуе глеба, але і здараюцца пажары.

Да таго ж гарадская трава ўтрымлівае солі цяжкіх металаў, а на вёсцы могуць гарэць рэшткі ўгнаенняў і пестыцыдаў, небяспечнае  смецце.

Такі дым небяспечны для здароўя чалавека.

Экалагічнае таварыства “Зялёная сетка”, грамадская арганізацыя “Экадом”, Цэнтр экалагічных рашэнняў, міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Экапартнёрства”, эколага-краязнаўчае грамадскае аб’яднанне “Неруш” і Беларускае таварыства Чырвонага крыжа распачалі новы этап штогадовай інфармацыйнай кампаніі, накіраванай на ліквідацыю выпальвання сухой расліннасці і спальвання побытавага смецця.

Кампанію падтрымалі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

 

 

Здымкі і відэа http://www.gs.by,  http://112.by