У Гродне адбыўся чацьвёрты выпуск “Універсітэту Залатога Веку”

|

У межах гэтага акадэмічнага года, які пачаўся ў кастрычніку 2012 г. і доўжыўся амаль да канца красавіка 2013 г., слухачы праграмы наведвалі агульныя тэматычныя заняткі на цікавыя для іх тэмы (псіхалогія, здароўе, гісторыя, культура і г.д.), ладзілі ўласныя творчыя і інтэграцыйныя імпрэзы (вечарына з нагоды юбілею Якуба Коласа, велапрабег, святкаванне Калядаў і г.д.).

 

Да паслугаў амаль 140 удзельнікаў праграмы “Універсітэт Залатога Веку” былі таксама 17 секцый (эсперанта, беларускай, польскай, ангельскай і нямецкай моваў, кампутарныя курсы, йога, “Сад мары”, “Падарожжы ў часе і прасторы”, “Як распачаць сваю справу”, “Жыццёвы дзённік”, “Псіхалогія здароўя”, “Мода, стыль і прыгажосць”, “Беларускія вячоркі”, “Залатое пяро”, “Адкрыты паказ”).

 

Ідзе занятак секцыі нямецкай мовы

 

Удзельнікі праграмы не толькі развівалі сябе інтэлектуальна і фізічна, але і працавалі на карысць грамадства. На працягу навучальнага года ў межах “Школы добрых справаў”, якая з’яўляецца неаб’емным элементам праграмы, былі сабраныя ахвяраванні для прытулку для бяздомных жывёлаў, вопратка і кнігі, якія патрапілі затым у розныя сацыяльныя ўстановы горада. 

 

Прыхажанам царквы ў гонар свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага пры Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы былі перададзеныя вышытыя слухачамі “Універсітэту Залатога Веку” вышыванкі з беларускім арнаментам.

 

Вышываныя ручнікі для царквы слухачы Праграмы рыхтавалі некалькі месяцаў

 

У час выпускной вечарыны ўдзельнікі розных секцый прэзентавалі вынікі сваёй працы за год, выказвалі свловы падзякі вядучым гэтых секцый.

 

Творчая прэзентацыя секцыі польскай мовы

 

 

А 26 красавіка слухачы праграмы зладзілі традыцыйную выпускную вандроўку па ваколіцах Гродна, у час наведалі некалькі збудаваных яшчэ напярэдадні Першай сусветнай вайны абарончых фартоў.

 

Наступны акадэмічны год у межах праграмы пачнецца ў кастрычніку 2013 г.

 

Праграма “Універсітэт Залатога Веку” дзейнічае пры грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар” з красавіка 2010 г.

 

Яе мэтай з’яўляецца павышэнне якасці сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю.