Беларускі суд аштрафаваў польскага інвестара на 800 тысяч даляраў

Былы дробны польскі чыноўнік Оскар Смульскі вырашыў заняцца інвестыцыямі. На сваё няшчасце, сваю дзейнасць ён звязаў з Беларуссю. Скончылася гэта не толькі стратаю ўласных сродкаў. Беларускі гаспадарчы суд прызначыў яму штраф памерам 800 тыс. даляраў!


Нядаўна ў офісе бізнесоўца з’явіўся судовы выканаўца, які спрабуе спагнаць гэты штраф, бо польскі суд прызнаў рашэнне правамоцным. Бізнесоўца пратэстуе: у Беларусі на працэс не дапусцілі сведак абароны і прадстаўніка фірмы. Оскар Смульскі цягам усёй гэтай гісторыі перажыў нервовы зрыў, а цяпер вымушаны змагацца за сваю рэпутацыю.


Лукашэнка дае загад


“Я заўсёды браўся за маштабныя справы. Калі быў старастам у гміне, то арганізаваў здабыццё газу і нафты. На мяне глядзелі са здзіўленнем, але цяпер гміна атрымлівае ад гэтага прадпрыемства найбольшыя падаткі”, – зазначае спадар Смульскі ў адказ на пытанне, чаму пастанавіў заняцца інвеставаннем у Беларусі.

 

У 2008 годзе ён сустрэўся з генеральным консулам Беларусі ў Беластоку Міхаілам Аляксейчыкам, які заахвочваў яго інвеставаць. Справа выглядала шматабяцальна, бо кіраўнік беларускай дзяржавы рэгулярна заяўляў пра патрэбу ў інвестыцыях і новых тэхналогіях. Пабудова фабрыкі вырошчвання шампіньёнаў увайшла ў спіс 10 самых важных інвестыцыяў у Беларусі.

 

Фірма “Bio-eko” запрасіла прадстаўнікоў Гарадзенскай вобласці ў польскі Калобжэг, каб паказаць, як выглядае вытворчасць, што магла б паўстаць і ў Беларусі. Кіраўнік вобласці Уладзімір Саўчанка даваў зразумець, што сябруе з Лукашэнкам і мае сродкі на пабудову аналагічнай фабрыкі.

 

“Bio-eko” перамагла ў тэндэры на пабудову фабрыкі вырошчвання шампіньёнаў памерам прыблізна 10 млн даляраў, якая б штодня давала “ўраджай” 10 тон грыбоў. Таксама ўмовы тэндэру ўлічвалі збудаванне інфраструктуры для перапрацоўвання адкідаў вытворчасці коштам прыблізна 6,5 млн даляраў.

 

Фірма перадусім адказвала б за само будаванне, перанос заходніх ноу-хау на беларускую зямлю. У кастрычніку 2008 года падпісалі дамову, паводле якой інвестар абавязаўся заплаціць 30 % агульнай сумы ў якасці задатку.


Добры пачатак

 

Напачатку ўсё ішло вельмі добра. Да супрацы запрасілі вядомага архітэктара Леха Вайтасіка, а таксама фірму-лідара паводле продажаў абсталявання для такіх фабрык – “Champion”. Польскаму боку ўдалося перамагчы бюракратычныя праблемы ды прайсці экспертызу праекта ад беларускага міністэрства архітэктуры і будаўніцтва разам з дазволам на будаванне.

 

Кіраўніцтва Гарадзенскай вобласці ўжо заплаціла частку грошай за распрацоўванне і перадачу будаўнічага праекту – прыблізна 800 тыс даляраў. Але нечакана выявілася, што насамрэч вобласць не мае сродкаў на далейшае фінансаванне, выдаткаваныя грошы з бюджэту – увогуле не прызначаліся на інвеставанне! А значыць, былі выплачаныя незаконна.

 

Над запланаванай інвестыцыяй згусціліся хмары. Заходні BRE Bank, які дае крэдыты пад інвестыцыі ў Беларусі, заявіў: беларускі бок не выплочвае належных адсоткаў, а таму банк устрымаецца ад фінансавання такіх праектаў. Да таго ж, сродкаў на будаванне не мелі і гарадзенскія ўлады.

 

Паводле дырэктара “Bio-eko”, беларускі бок фальсіфікаваў дакументы і хлусіў, што грошы перадалі ў Белаграпрамбанк, які абслугоўваў інвестыцыю з беларускага боку. На аргумент, што існуе дамова і графік інвестыцыі, дырэктар упраўлення будаўніцтва аблвыканкаму Валерый Касароў адказаў, што “паперы – гэта паперы, а жыццё – гэта жыццё”.


Сустрэча ў Аўгустове

 

Пасля таго, як пералічылі першы транш за праект, Касароў стаў паводзіць сябе вельмі нервова.


“На пачатку 2010 года нечакана заявіў, што трэба пільна сустрэцца ў Аўгустове, каб абгаварыць справу. Там проста на вуліцы стаў пагражаць, што калі мы не пабудуем фабрыку за ўласныя грошы або не вернем тое, што ўжо атрымалі, справа трапіць у суд”, – зазначае інвестыцыйны дырэктар фірмы “Bio-eko” Агнешка Ольбрыхт. Потым беларускія чыноўнікі яшчэ цягам шасці месяцаў спрабавалі пераканаць польскую фірму ў тым, каб яны пабудавалі фабрыку за свой кошт.


“Мы адмовіліся будаваць фабрыку за ўласныя грошы і адклікалі сваіх працаўнікоў, хоць ужо былі падрыхтаваныя дзве пляцоўкі для будоўлі, прывезеныя вагончыкі для будаўнікоў, частка будаўнічых матэрыялаў. Усё гэта ў выніку прапала”, – падкрэслівае Оскар Смульскі. Ён дадаў, што беларускі бок падпісаў пратакол прыняцця часткі працы, але гэтак і не заплаціў.


Суд і вырак

 

Справа трапіла ў гарадзенскі суд. Паводле Смульскага, спачатку справаю займалася суддзя, якая не хавала разумення сітуацыі, у якой апынулася польская фірма, але неўзабаве яе ад справы адхілілі. Дырэктар фірмы не ехаў у Беларусь, бо баяўся, што яго арыштуюць, таму інтарэсы “Bio-eko” рэпрэзентаваў дырэктар беларускага філіялу.


“Мы хацелі прадастаўлення дакументаў і допыту сведак – спадара Касарова, кіраўніка вобласці і чыноўнікаў, якія вялі з намі перамовы. Але суддзя сказаў, што ніякіх сведак не будзе, і не пусціў дырэктара філіялу ў залу суда. У лютым 2012 года мы атрымалі вырак, у якім нас прызнаюць вінаватымі ў тым, што самавольна пакінулі пляц будовы і за кожны дзень прастою прысуджаецца штраф.


Дзіўным чынам штраф склаў роўна столькі, колькі беларускі бок заінвеставаў напачатку – 800 тыс даляраў. Што цікава, фірме прад’явілі абвінавачанні толькі за спазненні ў працы пабудавання самой фабрыкі, а вось што да пабудовы інфраструктуры для перапрацоўвання адкідаў – прэтэнзіяў не было”, – дадае дырэктар польскай фірмы.

 

У офіс беларускага філіялу прыйшлі міліцыянты і сканфіскавалі ўсе дакументы разам з праектам. Працаўнікоў дапытваў КДБ. “Касароў казаў мне, што яны такіх справаў ніколі не прайграюць і што неабходны вырак суддзя даведваецца праз тэлефон. Калі я штосьці сказаў пра апеляцыю, той адказаў, што вырак у Мінску будзе дакладна такі самы, а калі я буду яшчэ супраціўляцца, то штраф з  800 тыс. можа ператварыцца ў 5 млн даляраў”, – распавядае Смульскі.

 

У студзені 2010-га сваю пасаду страціў Уладзімір Саўчанка. Новы кіраўнік вобласці ўвогуле не хацеў і чуць пра сумеснае фінансаванне інвестыцыі.


Беларускі вырак выконваюць у Польшчы

 

Нядаўна ў польскую фірму прыйшоў судовы выканаўца з патрабаваннем выплаціць штраф паводле выраку беларускага суда. Беларусь і Польшча у 1994 годзе падпісалі дамову аб прававой дапамозе ў грамадзянскіх і гандлёвых справах. Польскаму суду, каб прызнаць вырак законным, было дастаткова факту, што ён уступіў у законную сілу і асуджаныя паінфармаваныя пра вынік.

 

Двухбаковую дамову аб супрацы падпісалі яшчэ калі падавалася, што беларуская судовая сістэма стала на шлях эвалюцыі ў кірунку заходняга правапрымянення. Пазней сітуацыя памянялася, а дамова – засталася. У сакавіку юрыста Смульскага наведалі госці з Гродна ды прасілі перадаць, каб той “аддаў хаця б мільён”, інакш атрымае наступную справу.


“Не інвестуйце ў Беларусі”


“Я быў падаўлены той сітуацыяй і нават на некаторы час перастаў займацца бізнесам – праблемы ў Беларусі ўдарылі і па маім сямейным жыцці”, – гаворыць Смульскі. Бізнесоўца засцерагае іншых ад інвеставання ў Беларусі: “Мой досвед паказвае, што супраца з той краінаю можа быць толькі паводле формулы “вы нам – грошы, мы вам – тавар”. Адразу, з рук у рукі”.


Выканаўца ўцёк, а праект – застаўся

 

Пабудова фабрыкі вырошчвання шампіньёнаў не скончылася для ўладаў Гарадзеншчыны. Летась на сайце аблвыканкаму апублікавалі апісанне новага тэндэру. Чыноўнікі шукаюць ахвочага, які б на 100 % прафінансаваў пабудову фабрыкі. У рубрыцы пра стан рэалізацыі праекту ўказана: “гатовы архітэктурны праект, які прайшоў дзяржаўную экспертызу”. Як чыноўнікі паведамілі “Белсату”, пошук інвестара яшчэ працягваецца.

 

На здымку: на гэтым месцы мелі паўстаць дзве фабрыкі