“Панскі дом” плануе развіваць рынак беларускамоўных паштовак і адкрыць пад Гродна эка-хостэл
“Твой стыль” паразмаўляў з ініцыятарам конкурса, дырэктарам кампаніі “Панскі дом” Уладзімірам Рамановічам.
– Як узнікла ідэя конкурса?
– Мы ведаем, што асноўная колькасць паштовак, якія прадаюцца ў нас, вырабляецца нават не ў нашай краіне. Вырашылі выкарыстаць беларускую мову, каб гэта было не проста “віншую” ці нейкія пераклады з рускай, а крэатыўныя беларускія надпісы. Гэта будзе нармалёвы трэнд і будзе прадавацца.
-Асноўны акцэнт будзе рабіцца на тэксты?
-І на тэксты, і на выявы. Асноўныя тэмы: алфавіт, беларусы, культура, гісторыя, архітэктура, традыцыі, каханне, нашы дзеткі, віншаванкі, коміксы, прымаўкі. Шмат у Беларусі краявідаў, цікавых будынкаў, помнікаў, выявы якіх застаюцца толькі на паперы, шмат мастацкіх ідэй, якія схаваныя ў сталы.
Гэта спроба з аднаго боку парадаваць людзей цікавымі выявамі, а для тых, у каго ёсць жаданне нешта ствараць, прафесіяналаў і аматараў, дзяцей, якія вучацца ў мастацкай школе – гэта таксама шанец. Хочам убачыць патэнцыял, з кім мы можам працаваць.
– Гэта першая вашая спроба наладзіць выраб паштовак?
– Два гады таму зрабілі тэставы варыянт: выпусцілі беларускія паштоўкі невялікім накладам, каля 2000 асобнікаў. Асабліва маркетынгам тады не займаліся, распаўсюджвалі фактычна сярод знаёмых. А зараз вядзем перамовы з буйнымі сеткамі, крамамі. Хацелася б, каб нашыя паштоўкі былі ў шапіках “Белпошты”.
Вельмі хутка развіваецца такі кірунак як посткросінг, і хацелася б, каб паштоўкі, якія беларусы набываюць для посткросінгу, таксама былі беларускія і на беларускай мове.
– Ці ёсць у гэтай галіне канкурэнцыя?
– Разумеем, што сёння ў Беларусі ёсць некалькі кампаній і прыватных прадпрымальнікаў, якія займаюцца продажам беларускіх паштовак. Канкурэнцыя – гэта нармальная справа. Чым будзе больш – тым цікавей для ўсіх.
Разам з тым, рынак беларускіх паштовак у нас практычна нулявы. Праз гэты конкурс хочам паспрыяць таму, каб людзі не цураліся набываць беларускамоўныя паштоўкі, і каб такіх паштовак было больш.
– Калі можна чакаць паштоўкі “Панскага дому” ў продажы?
– Першы тыраж па выніках конкурса плануем зрабіць 10 тысяч штук розных відаў паштовак. Да 15 чэрвеня мяркуем забраць іх з друкарні, так што ўжо ўлетку будзем мець вялікі набор паштовак, цікавы і для беларусаў, і для турыстаў.
Калі справа з вырабам беларускіх паштовак добра пойдзе, гэта можа стаць яшчэ адным кірункам дзейнасці ААТ “Панскі дом”. Акрамя таго, кампанія збіраецца выпусціць невялічкія беларускія кніжачкі для дзяцей і алфавіты.
А ў бліжэйшых планах “Панскага дому”, які адкрыў адзін з першых мінскіх хостэлаў, – будаўніцтва суперэкалагічнага хостэла каля Гродна з выкарыстаннем унікальных тэхналогій і натуральных матэрыялаў.
Скануйце і дасылайце свае малюнкі і ідэі на эл. адрас pashtouka.by@tut.by да 15 мая!
Выява dzedzich.org