Што такое “Чорная біжутэрыя”?

…Некалькі год таму, калі я жыў у Кобрыне, мне выпадкова патрапіў у рукі цікавы артэфакт з выявай дзіўнага геральдычнага спалучэння: Пагоня, Арол, Архангел Міхаіл… З першымі дзвума ўсё ясна, але да чаго тут Міхаіл? Адказу не было, мініятурны шчыток знайшоў сабе месца паміж іншых археалагічных знаходак. Мінулі гады, цягам якіх я не аднойчы змяняў кватэру ды працу, скрыначка са знаходкамі недзе згубілася…

Я пераехаў у Горадню, нарэшце перайшоў з гісторыяй “на ты”, і акурат у юбілейны для паўстання год, працуючы над вершам “Мужыцкая праўда” для сяброў-музыкаў, выпадкова ўбачыў знаёмую выяву. Яно! Перада мной – сапраўдная “чорная біжутэрыя”! Герб паўстання! Ды і шчыток сам знайшоўся сярод майго гармідара…

 

***

 

Ідэя вырабу патрыятычнай  біжутэрыі з’явілася пасля паразы паўстання 1831 г. Тады, у 1839 г. царскія карнікі акурат аддалі цела расстралянага імі паўстанца Сымона Канарскага родным, не ўяўляючы наступстваў…

 

Віленчукі, пахаваўшы Канарскага, зрабілі яго магілу месцам паломніцтва, якое літаральна патанала ў жывых кветках ды свечках. З ягоных кайданоў патрыёты пачалі рабіць сабе пярсцёнкі ды бранзалеты.

 

Дарэчы, некаторыя гісторыкі лічаць, што менавіта гэтая гісторыя паспрыяла таму, што месца пахавання Каліноўскага было старанна схавана ад грамадскасці. Абачлівы Мураўёў вырашыў не паўтараць памылкі 1839 года.

 

“Чорная біжутэрыя” уяўляла сабой стылізаваныя ювелірныя упрыгожванні: пярсценкі, завушніцы, брошкі, бранзалеты, шпонкі, медальёны і іншае. Але абавязкова з патрыятычнай атрыбутыкай: выявай Касцюшкі; сэрца, прабітага дзвюмя косамі; перакрыжавання касы і пістоля; Пагоні (існуе легенда, што сам Каліноўскі насіў пярсцёнак з выявай Пагоні); Пагоні і Арла; цярновага вянца з Крыжом; Багародзіцы… але часцей за ўсё сустракаюцца упрыгожванні з выявай герба паўстання.

Інсургенты выкарыстоўвалі герб, які складаўся з гербаў Каралеўства Польскага (белы арол на чырвонай тарчы), Вялікага Княства Літоўскага (белы вершнік на блакітнай тарчы) і герба Русі (выява Арханёла Міхаіла на белай тарчы) пад каралеўскай каронай.

 

Гісторыя гэтага герба пачынаецца з сярэдзіны XVII ст., калі адбывалася няўдалая спроба аднавіць Вялікае Княства Рускае з цэнтрам у Кіеве. Унія каралеўства і двух княстваў (Рэч Паспалітая трох народаў) так і не паўстала, герб быў забыты…

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай герб з трох тарчаў пачаў выкарыстоўвацца ў патрыятычным іміграцыйным асяроддзі ў Францыі. Ягоныя колеры (чырвоны, блакітны і белы) на сваіх цешках малявалі ліцвіны і палякі, якія служылі ў “польскіх легіёнах” у Італіі.

 

Пасля аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў 1812 годзе Напалеонам, літоўскія ўланы на сваіх піках выкарыстоўвалі блакітна-белыя сцяжкі ў колерах герба Княства Літоўскага. І вось, герб атрымаў новае жыццё, стаўшы сімвалам паўстання зняволеных народаў супраць Расейскай імперыі.

Зразумела, што як толькі сэнс упрыгожванняў стаў зразумелым для расейскай паліцыі, “біжутэрыя” патрапіла пад забарону. Дарэчы, у Вільні пад забаронай было нашэнне звычайных кіёў для шпацыру – моднага мужчынскага аксэсуару на той час (лічылася, што іх таксама можна выкарыстоўваць як зброю ў сутычцы з паліцыяй). Гісторыя зберагла таксама аб’яўкі з забаронай размаўляць па-польску… Але гэта ўжо асобная гісторыя.

 

***

 

…Зыходзячы з канструкцыі, мая “чорная біжутэрыя” была шпонкай з пашкоджаным механізмам. На жаль, эмаль на гербе фактычна не захавалася, але колеры расчытаць было магчыма. Цікава, што Арол знаходзіўся на блакітнай тарчы, а Пагоня – на чырвонай: колеры, як бачым, былі пераблытаныя майстрам. А можа і не?.. Пытанне застаецца адкрытым.

 

Хацелася б верыць, што шпонка належыла паўстанцу з атрада Рамуальда Траўгута, які дзейнічаў на Кобрыншчыне, ці нейкаму земляку, які спачуваў справе паўстання. Зрэшты, шпонка магла быць зробленна і да нейкай юбілейнай даты паўстання ў пазнейшы час (1913 год, напрыклад, 50-годдзе паўстання), як адзін з элементаў ушанавання памяці камбатантаў. Хоць па стылістыцы – гэта ўсё ж такі сярэдзіна ХІХ ст.

Чорная біжутэрыя ў музеі Польскага Войска

 

Веру, што з часам змагу перадаць сваю маленькую нацыянальную святыню як экспанат для Музея ім. Траўгута ў Кобрыне, Музею братоў Каліноўскіх у Якушоўцы альбо Музею нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гг. у Горадні.

 

***

 

…Колькі было ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гг. на тэрыторыі Беларусі? Пакуль гісторыкі спрачаюцца, маніпулюючы лічбамі ды архіўнымі актамі, скажам наўпрост: такую колькасць вывесці немагчыма.

 

Хаця б таму, што паўстанец – гэта не толькі той, хто трымаў штуцэр ці перакаваную касу ў руках. Гэта таксама тысячы сялянскіх сем’яў, якія перахоўвалі паўстанцаў, прадстаўнікі дваранства, якія давалі інсургентам грошы ды прыстанак, разначынцы і гімназісты, якія на знак салідарнасці пад страхам арышту і ссылкі замаўлялі і публічна дэманстратыўна насілі “чорную біжутэрыю”, забароненую расейскімі ўладамі.


На фота – Дзяніс Жыгавец, аўтар