Прафесар Швед: “Кадэбіст папрасіў мяне падпісаць кнігу “Гродназнаўства”
З Вячаславам Шведам мы сустрэліся ў Нацыянальнай бібліятэцы. У Менск з Горадні гісторык прыехаў папрацаваць і наведаць сям’ю сына.
– Першыя дні пасля звальнення я моцна перажываў з-за несправядлівасці, – успамінае Вячаслаў Вітальевіч. – Цяпер ужо адышоў ад гэтага і думаю займацца працай – пісаць кнігі. Сэнсам жыцця для мяне заўседы была папулярызацыя гісторыі. Я імкнуўся пісаць яе так, як даюць крыніцы, дакументы, мемуары, без фальсіфікацыі і міфалагізацыі.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце Вячаслаў Швед працаваў больш за трыццаць год. Прайшоў шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры, прафесара, доктара навук.
Апошнія гады працаваў на кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму на факультэце турызму і сэрвісу. І кафедра, і факультэт былі створаныя па яго ініцыятыве. Менавіта на спецыяльнасці, звязаныя з турызмам, у Гродзенскім універсітэце адзін з самых вялікіх конкурсаў сярод абітурыентаў.
– Вось дзецішча стварылі, а я аказаўся непатрэбны. А мы ўжо на добры ўзровень выйшлі. Па сутнасці давалі не менш за 600 тысяч еўра заходніх інвестыцый для вобласці.
Вячаслаў Швед не выключае, што, можа быць, сам паступова ішоў да звальнення.
– Я размаўляю па-беларуску, на мове друкуюся, вяду заняткі, а гэта не ўсім падабаецца. Са студэнтамі мы гаворым аба ўсім, аб чым не пішуць афіцыйныя газеты і не размаўляюць прыўладныя выкладчыкі.
Калі абмяркоўвалі маю кандыдатуру на кафедры ўніверсітэта, дэкан сказаў: «Вячаслаў Вітальевіч проста жыве гісторыяй». Гэта сапраўды так. Можа быць, я цяпер шкадую, што мала ўвагі сваім дзецям даваў. Увесь час забірала навука. Цяпер выпраўлюся. Буду ўнукамі займацца.
У вынікі галасавання Вячаслаў Швед не верыць.
– Я вырас на вачах у большасці членаў Рады. Хоць цяпер яна на 25 адсоткаў складаецца са студэнтаў. Карацей, з 82 чальцоў Рады – 20 студэнтаў, 12 – гэта рэктар і члены рэктарата, 15 дэканаў. Паколькі большасць гэтых дэканаў – кандыдаты дацэнты ці кандыдаты прафесары, – то яны, я думаю, адчуваюць сваю непаўнавартасць, а вось дактары, прафесары – яны больш самастойныя і актыўныя ў грамадскім жыцці, маюць сваю жыццевую пазіцыю.
Вячаслаў Вітальевіч мяркуе, што выбары на Радзе, якая не абрала яго на пасаду прафесара, былі сфальсіфікаваныя.
– Мне нават бюлетэні не далі паглядзець, іх заклеілі, паставілі пячаткі. Галасаванне было таемнае. Як мне расказвалі тыя, хто прысутнічаў, усе былі ашаломленыя, калі рэктар агучыў вынікі. Ён з 1 сакавіка працуе на пасадзе і за гэты час ужо дваіх выгнаў з працы.
Два тыдні да паседжання Рады ўніверсітэта я прасіў, каб ен мяне прыняў. Адразу пасля паседжання, на якім адбылося галасаванне, падышоў да яго ў калідоры. Кажу: «30 гадоў я аддаў універсітэту, і што цяпер рабіць?». – «Я не буду с вами разговаривать. У меня нет времени».
Я сказаў яму: «Вы добра пачалі працаваць. Можа быць, усе-такі не будзем стаяць у калідоры, пойдзем у кабінет – пагаворым». — «Нет времени мне с вами говорить, я очень занят», — паўтарыў рэктар.
Ну што сказаць? Ен атрымаў загад і выканаў яго. У нас пагаворваюць, што гэта часовы чалавек, які зробіць брудную справу, а потым прыйдзе харошы, чысценькі новы рэктар.
– А як студэнты трапляюць у Раду?
– Цікавае пытанне. Думаю, іх дэканы прызначаюць. У нас ва ўніверсітэце існуе так званае студэнцкае самакіраванне. Чальцамі Рады становяцца студэнцкія дэканы ад кожнага факультэта. Па сутнасці гэта актывісты БРСМ ці тыя, хто атрымлівае ад Лукашэнкі стыпендыю.
– Вы адчулі падтрымку калегаў пасля звальнення?
– Выкладчыкі падыходзілі і выказвалі спачуванне, пыталіся, чым дапамагчы. Адзін калега прынес мёду. Андрэй Чарнякевіч, якога яшчэ восенню звольнілі, прыйшоў да мяне дадому, вучыў мяне, каб я бярог здароўе і перажыў гэта ўсе. Да апошняй хвіліны я не верыў, што мяне выкінуць з універсітэта. Я столькі для яго зрабіў…
Праз інтэрнэт я адчуў моцную падтрымку. Адгукнуліся і зусім незнаемыя людзі. Адзін чалавек пазваніў са Шчучына. Кажа: “Вы мяне не ведаеце. Я майстар, раблю рамонты кватэр. Я чытаю вашыя ўсе кніжкі, мне падабаецца. Калі вам патрэбны рамонт, я бясплатна прыйду і зраблю”.
Ведаеце, мае звальненне выклікала другую хвалю цікаўнасці да кнігі “Гродназнаўства”. Яны зрабілі піяр выданню. Людзі пытаюцца, дзе набыць кнігу (усміхаецца).
І Чарнякевіча звольнілі менавіта за працу над кнігай, а не за пяць хвілін спазнення на заняткі. З гэтага пачалася зачыстка ва ўніверсітэце. Дарэчы, усе пытанні КДБ тычыліся толькі кніжкі.
– Калі з вамі размаўлялі кадэбісты?
– Кніжка выйшла ў чэрвені. Прайшлі прэзентацыі ў афіцыйных установах, бібліятэкі набывалі кнігі, дзяржтэлебачанне здымала. Усе было добра да жніўня. Я прыйшоў на працу, і ў аддзеле кадраў мяне выклікалі на размову з супрацоўнікам КДБ. Я бачыў там Андрэя Чарнякевіча. Таксама іншых выклікалі, хто працуе ва ўніверсітэце і мае дачыненне да кнігі.
Першае, пра што пыталі: “Чаму вы скончылі кніжку 1991-м годам?”
Таму кажу, што з 1991-га года гэта ўжо больш паліталогія, чым гісторыя.
Другое, пра што мне сказаў кадэбіст Сан Саныч — малады, чарнявы, сімпатычны, — гэта тое, што вынікае з уступу ў выданні пад аўтарствам Алеся Смалянчука. У адным з абзацаў было напісана, што кніга рыхтуе патрыетаў, людзей, якія будуць жыць у дэмакратычнай Беларусі. З гэтага можна зразумець, што мы жывем не ў дэмакратычнай краіне і што намі кіруе бяссменны таварыш…
Дарэчы, потым кадэбіст Сан Саныч вітаўся са мной на вуліцы. А пасля размовы прасіў яму кнігу “Гродназнаўства” падпісаць на памяць. Я кажу: “Прабачце, але ў мяне няма. Купіце — прыходзьце — падпішу”. Не прыходзіў пакуль (усміхаецца).
Яшчэ нас папракалі ў тым, што кніга выдадзеная ў падпольным выдавецтве ў Польшчы і за грошы палякаў. Але ж гэта Вроцлаў, друкарня Польскай акадэміі навук! Якое падпольнае выданне? Думаю, што за кнігу пацярпеў і былы рэктар.
Ва ўніверсітэце дагэтуль працуюць тры нашыя аўтары. Паколькі кіраўнік вобласці Шапіра на сустрэчы з выкладчыкамі 4 сакавіка назваў 16 рэвалюцыянераў, “якія заклікаюць звергнуць уладу”. то думаю, новыя звальненні наперадзе.
– Як на вашую думку, што можа змяніць сітуацыю ў сістэме вышэйшай адукацыі, каб выкладчыкі, якія аддаюць сябе навуцы і студэнтам, не былі такімі безабароннымі?
– На маю думку, найперш патрэбна дэмакратызацыя сістэмы адукацыі. Глядзіце: прызначаюцца рэктар, дэканы, загадчыкі кафедр, па сутнасці, таксама… Вядома, чалавек залежны ад таго, хто яго прызначыў.
Другое: трэба падняць заробкі выкладчыкам. У царскай Расіі настаўнік атрымліваў добрую зарплату, у яго быў дом, прыслуга. Ен быў эканамічна незалежны. За савецкім часам прафесар атрымліваў 400-500 рублеў. Такі заробак быў у першага-другога сакратара гаркама партыі. Як лічыліся з гэтым прафесарам! А ў нас кожны трымаецца за месца, дрыжыць, глядзіць у рот начальству і галасуе так, як трэба.
З мяне з верасня знялі палову стаўкі прафесара, і я атрымліваў толькі як загадчык кафедры. Мой заробак мог быць шэсць мільенаў, а мяне апусцілі на чатыры. Па рознаму атрымліваюць на розных факультэтах мае калегі. Гэта залежыць і ад таго, як факультэт зарабляе грошы.
Апроч таго, лічу, трэба зменшыць нагрузку на выкладчыкаў. Калі я пачынаў працаваць, гэта было 450-500 гадзін на год для прафесара, а цяпер – за 650. А для неабароненых, без ступеняў яна ўвогуле складае 850 гадзін на год. Можаце параўнаць: у Польшчы – 150-170 гадзін.
– Як усе гэтыя падзеі паўплывалі на лес кнігі?
– Кніжка была прададзеная да жніўня, да гутаркі з кадэбістамі. Цікава, што ва ўніверсітэцкай бібліятэцы “Гродназнаўства” няма – ні выдадзенага ў Польшчы, ні таго, што двумя выданнямі ў нашым універсітэце выйшла.
Наколькі мне вядома, гэтая кніга захоўваецца ў кабінеце работніка спецчасткі, ці асобай часткі – я нават не ведаю, як яна дакладна называецца. Там працуе былы кадэбіст, у прысутнасці якога ў жніўні з намі праводзіў гутарку яго калега.
Дырэктар гімназіі, у якой працуе Алесь Госцеў (яшчэ адзін сааўтар “Гродназнаўства”), запытаўся ў яго: “А па якой кнізе Вы вядзеце курс “Гродназнаўства”? Ен прынес універсітэцкае выданне, і яму сказалі, што па ім можна.
Але я баюся, што хутка факультатыўны курс па гісторыі Гродна, які выкладаецца ў сярэдніх школах горада, проста згорнуць.