Рыцары змагаліся на турніры ў Каробчыцах

Па традыцыі ён складаўся з дзвюх частак. У горадзе праходзілі Рэспубліканскі турнір па рукапашным баі памяці загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў і турнір па нажавым баі, а ў “Гарадзенскім маёнтку “Каробчыцы” – турнір па фехтаванні “Шчыт-меч”, так званыя “пяцёркі”,  а таксама паказальныя выступы рыцараў ды казакоў. І калі першая частка цікава ў большай ступені самім спартоўцам, другая, наадварот, разлічана больш на гледачоў.

Рыцарскі міні-фестываль распачаўся індывідуальнымі баямі на мячах, дзе прымалі  ўдзел байцы з Гродна, Мінска, Барысава, Ліды, Баранавічаў.

Гледачоў парадвалі так званыя “пяцёркі” – баі, дзе прымаюць удзел некалькі каманд з пяці ваяроў. Яны больш відовішчныя ды больш жорсткія. У мінулым годзе з-за невялікай колькасці ваяроў іх не праводзілі. Гэтым жа разам арганізатар – Народны клуб славянскіх адзінаборстваў “Арыдан” сабраў дастатковую колькасць байцоў для гэтага віда сярэднявечных спаборніцтваў.

Баі “пяць на пяць” – стандартныя сутычкі падчас рыцарскіх турніраў, калі ці клубы, ці іх аб’яднанні выстаўляюць сваіх байцоў менавіта на такія паядынкі.

У перапынках гледачы маглі паўдзельнічаць у рухомых гульнях-конкурсах ды атрымаць прызы, а ўвечары паслухаць гурт “Стары Ольса”, які выконвае сярэднявечныя песні ды ўбачыць фаер-шоў. Пазабаўляцца вырашылі і байцы, напалохаўшы гледачоў “рыцарскім развітаннем” – кінуліся з мячамі і шчытамі на прысутных і літаральна не дабеглі да іх паўметра.

У нядзелю прайшлі агульныя спаборніцтвы – бугурты, турнір лучнікаў, фінал рыцарскага турніра ды паказальныя выступленні казакоў, якія прыехалі на фестываль не толькі з беларускіх гарадоў але і з Расіі.

 

Здымкі Яна Лялевіча