Як праходзяць суботнікі ў Амерыцы?
У нас гэтыя мерапрыемствы носяць звычайна добраахвотна-прымусовы характар. А яшчэ на прадпрыемствах часта за гэты дзень вылічваюць заробак. Такія суботнікі наўрадці павышаюць самасвядомасць насельніцтва ды прывіваюць любоў да свайго краю.
Суботнікі ў іншых краінах – важная частка валанцёрскай працы. Напрыклад, 19% дарослага насельніцтва Францыі хаця б раз у жыцці ўдзельнічалі ў валанцёрскіх акцыях. З іх 60% рэгулярна ўдзельнічаюць у добраахвотніцкай працы, аддаючы ёй больш за 20 гадзін у месяц. 46% апытаных сказалі, што яны сталі валанцёрамі, таму што адчуваюць у сабе вялікае жаданне дапамагаць іншым.
Добраахвотніцтва таксама з’яўляецца цэнтральнай ідэяй амерыканскай нацыі. Валанцёры працуюць з моладдзю ў праграмах настаўніцтва і навучання. Больш за чвэрць добраахвотнікаў дапамагаюць некамерцыйным арганізацыям збіраць сродкі на іх дзейнасць. Пры гэтым кожны пяты валанцёр уносіць так званыя працоўныя гадзіны – робячы працу, неабходную для функцыянавання некамерцыйных арганізацый. У стройную сістэму валанцёрства вельмі добра ўпісаны тыя самыя суботнікі.
Як яны праходзяць у Амерыцы я ўбачыла на свае вочы. І нават паўдзельнчіала ў адным з іх. Справа адбывалася ў Чыкага, куды я трапіла, дзякуючы праграме Community Connections.
Чыкага – зялёны горад!
У Чыкага вельмі шмат розных паркаў ды сквераў. Гэта было для мяне вельмі дзіўным, бо заўсёды, калі гаворка ідзе пра вялікі горад, здаецца, што ў каменных джунглях няма месца сапраўдным дрэвам. Аднак горад вятроў, як яшчэ называюць Чыкага, абвяргае гэты стэрэатып.
Паркаў шмат як у цэнтры, так і ў спальных раёнах. У адзін з іх мы і адправіліся. Усяго некалькі прыпынкаў на метро, а потым яшчэ колькі на аўтобусе. Па чыкагскім меркам – не надта далёка ад цэнтра.
У раёне тыповая забудова – двух-чатырохпавярховыя старыя дамы, на першых паверхах – крамкі, кавярні, бары. Некалькі сучасных бізнэс-цэнтраў. У далечыні бачныя хмарачосы Downtown’а. І парк, дзе жывуць трусы ды белкі, вялікі пруд ды некалькі спартовых пляцовак.
Мясцовая грамадская арганізацыя “Сябры парка” ўжо раздае ўсім жадаючым пальчаткі , пакеты для смецця ды прылады працы: венікі, граблі, рыдлёўкі. Яшчэй кожнай групе выдаецца мапа з пазначаным участкам прыборкі.
Накіроўваемся ў глыбіню парка. Здзіўляемся па дарозе – а што мы будзем тут прыбіраць? На першы погляд, навокал чыста і прыбрана. Прыходзім на месца.
“А дзе смецце?” – здзіўляемся, і, знайшоўшы адну паперку ад цукерак на дзесяць чалавек, вельмі радуемся.
Сапраўды, прыбіраць парк – адно задвальненне. Свежае паветра, цёплае сонейка і амаль поўная адсутнасць смецця нагадвае больш сяброўскі шпацыр, а не суботнік.
На суботнікі прыходзяць цэлымі сем’ямі
У абавязкі валанцёраў уваходзіць яшчэ дагляд за дрэвамі. Вясной тут, у Амерыцы, прынята дасыпаць дрэвам угнаенне, прыводзіць у парадак галлё ды карнявую сістэму. Для таго, каб падкарміць дрэвы, прывезлі цэлы грузавік чарназёма, на кучы якога радасна корпаюцца дзеці.
Дарэчы, гэты суботнік сабраў не толькі сябраў арганізацыі, а таксама мясцовых, якія прыйшлі сюды сем’ямі. Маленькія дзеткі з энтузіязмам дапамагаюць дарослым развозіць новую зямлю пад дрэвы, збіраюць сухія галінкі.
Людзей у парку шмат. Кожны займаецца сваёй справай – нехта саджае новыя дрэвы і кустоў’е, нехта ўладкоўвае тэрыторыю каля старых дрэваў, нехта, як мы, збірае смецце.
“Чаму ўвогуле людзі прыходзяць на такія суботнікі? Іх жа ніхто не прымушае”, – пытаю ў адной з прадстаўніц арганізацыі.
“У Амерыцы вельмі шануюць тую мясцовасць, у якой жывуць. Домам лічыцца нават свой раён. Гэта такі мясцовы патрыятызм. Людзі ганарацца сваёй мясцовасцю і робяць усё, каб тут было добра, утульна ды камфортна жыць.
Пры гэтым, трэба памятаць, што людзі ведаюць, што самі адказныя за свою округ ці, як тут, у Чыкага, графства, яны тут гаспадары. І паводзяць сябе як гаспадары. Канешне, у грамадскім жыцці хтосьці больш актыўна ўдзельнічае, хтосьці менш, аднак, у любым выпадку, людзям ёсць справа да таго, што адбываецца ў першую чаргу у іх раёне і ў іх горадзе”, – кажа Ліз.
Да працы ў парку далучыліся нават вайскоўцы, якія спрытна саджалі новую алею.
Пасля работы на свежым паветры ўсіх удзельнікаў суботніка арганізатары накармілі абедам, зладзілі ў мясцовым, калі яго можна так называць, “клубе” (будынак, дзе працуюць гурткі для дарослых і дзяцей) канцэрт ды ярмарку экалагаічных ідэй.
А мы, размясціўшыся на падлозе спартовай залы, каштавалі сапрўдыня мексіканскія кукурузныя чыпсы, ды размаўлялі пра тое, што арганізацыі менавіта такіх суботнікаў нам і не хапае.