Ноч музеяў у Гродне: усходнія танцы, бодзі-арт і тэатр ценяў

| Без катэгорыі

Галоўны гарадзенскі музей – гісторыка-археалагічны – падрыхтаваў для наведвальнікаў праграму “Усходняя ноч у Новым замку”.

 

Калі ва ўсім свеце ў Ноч музеяў уваход паўсюдна бясплатны, то для таго, каб трапіць у гарадзенскі замак, трэба было заплаціць 30.000 рублёў.

Каля ўваходнай брамы гасцей сустракалі хлопцы ў смешных надзьмутых строях байцоў сумо, а на ўваходзе ў замак разгарнулася імправізаваная сцэна, на якой паказваліся спартовыя ды мастацкія элементы ўсходніх адзінаборстваў ды танцаў.

Чаму выбралі гэтую, дастаткова экзатычную і нечаканую для гарадзенцаў тэму, паспрабаваў растлумачыць Юры Кітурка, дырэктар музея:

 

“Гэтая тэма была абрана невыпадкова. Усход заўсёды прыцягваў увагу гарадзенцаў. Таму мы і вырашылі правесці ноч музеяў ва ўсходнім стылі”.

Начальнік Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, які на гэтае мерапрыемства прыйшоў разам са сваімі маленькімі дачкамі, заўважыў, што такія акцыі – адметная падзея ў культурніцкім жыцці горада, яны стала збіраюць вялікую колькасць цікаўных і неабыякаваых да музейнай справы людзей.

У гэтым годзе ўсходняя тэма сапраўды сабрала шмат гледачоў. Столькі, што невялікія залы Новага замку з цяжкасцю ўмяшчалі ўсіх жадаючых.

На першым паверсе размясціўся невялікі ўсходні кірмаш, дзе можна было набыць ад звушніц да сапраўдных строяў для ўсходніх танцаў. Тут жа можна было дакрануцца да старадаўняга мастацтва каліграфіі ды навучыцца самастойна маляваць (ці пісаць?) іерогліфы.

У Сенатарскай залі праходзіла гісторыка-музыкальная праграма “Дыханне Усходу”, якая ўключала ў сабе выступленні ўдзельніц розных гарадзенскіх школ усходніх танцаў, выступ удзельнікаў клуба кунг-фу “Іліцюань”, а  таксама прадстаўнікоў Лігі спартыўных мастацтваў. Свае таленты паказалі студэнты з Кітая, Лівана, Шры-Ланкі, Нігерыі, Пакістана, Індыі, Туркменістана, Азербайджана, а таксама навучэнцы Каледжа мастацтваў.

Націсніце, каб павялічыць

 

У праграму таксама ўваходзілі бодзі-арт ды паказ прыкладаў усходняга фантазійнага макіяжу. Кожны, хто здолеў прабіцца да майстроў, мог выступіць у ролі мадэлі. Папулярнасцю ў гарадзенцаў карысталіся часовыя тату, якія таксама рабілі ўсім жадаючым.

Сенатарская зала, у якую было не прабіцца, час ад часу напоўнілася крыкамі ды апладысментамі. Звонку здавалася, што там адбываецца нешта надзвычайнае. Аднак, трапіўны ўсярэдзіну, можна было зразумець, што такім чынам удзельніцы школ усходніх танцаў падтрымліваюць выступы адна адной. Гледачы дзівіліся, а каб усё убачыць станавіліся на крэслы.

Супрацоўнікі музея падрыхтавалі сапраўдны тэатр ценяў, які ўнёс некаторае ажыўленне ў танцавальна-вакальную праграму Ночы музеяў у Новым замку.