Усё, што вы хацелі ведаць пра Еўразвяз, але баяліся спытаць
Большую частку слухачоў скаладалі сталыя гарадзенцы – навучэнцы “Універсітэту Залатога Веку”.
На сустрэчы ў якасці прыклада найчасцей згадвалася Славакія, бо менавіта адтуль паходзіць сама спадарыня Кобзава (на здымку ў цэнтры). Гэтая краіна атрымала сваю незалежнасць 1 студзеня 1993 года. З гэтага часу пачаўся яе шлях да станаўлення дэмакратыі.
Трохі лічбаў
Славакія стала членам НАТА 29 сакавіка 2004 г., а Еўрасаюза – у траўні гэтага ж году. 21 снежня 2007 увайшла ў Шэнгенскую зону, а 1 студзеня 2009 года ўвайшла ў зону еўра.
Як кажа Яна, за 10 год заробак у краіне падняўся з 300 еўра да 850. У Братыславе, сталіцы Славакіі, сярэдні заробак складае недзе 1500 еўра.
Падчас рэструктурызацыі эканомікі амаль усе яе сэктары перайшлі ў прыватную ўласнасць, у тым ліку і банкаўская сфера, якая знаходзіцца ў руках замежных кампаній.
Уліванні замежных інвестыцый у эканоміку краіны ў апошнія гады ў асноўным былі накіраваны на аўтамабілебудаванне і электроніку.
– На пачатку 90-х гадоў у нашай краіне не было аніводнага атамабільнага завода, затое сёння, дзякуючы прыцягненню інвестыцый, мы пачалі выпускаць Volkswagen, Peugeot, Kia. Славакія стала сусветным лідарам па вытворчасці аўтамабіляў на душу насельніцтва, – кажа Яна.
Сапраўды, пры насельніцтве краіны ў 5,4 мільёна чалавек у 2011 годзе было выраблена амаль 640 000 аўтамабіляў. На пытанне аб тым, ці хвалюе славакаў тое, што заводы гэтыя не належаць ні ім, ні самой краіне, Яна адказала:
– Простаму чалавеку няма ніякай розніцы, каму належаць заводы. Галоўнае, што павінна хваляваць, гэта ўзровень зарплаты, а ён на гэтых заводах досыць высокі. Тым больш, гэтыя заводы – новыя працоўныя месцы, што не можа не адбівацца на эканамічным развіцці. Якое, дарэчы, затармазілася з-за сусветных крызісаў.
Узровень беспрацоўя ў Славакіі ў верасні 2012 года склаў 12,42%. Гэта ўдвая менш, чым было напачатку станаўлення рэспублікі. І хаця у параўнанні з мінулымі гадамі гэты ўзровень трохі вырас, аднак агульная карціна выглядае так, што безпрацоўных становіцца менш.
Аб узаемадапамозе ўнутры ЕС
– Славакі былі здзіўлены і занепакоены тым, што ў нейкі момант нашая краіна павінна была дапамагаць Грэцыі. Маўляў, там узровень жыцця вышэйшы, чым у нас. Аднак, калі мы жывем ў адзінай еўрапейскай прасторы, то ўзаемадапамога – натуральная рэч і да яе трэба проста прызвычаіцца. Увесь гэты час, ад нашага ўступлення ў Еўрасаюз, ён дапамагаў нам, а зараз Славакія павінна была дапамагчы іншым.
Сапраўды, гэта і плюс, і мінус адначасова. Аднак гэтая сітуацыя дала магчымасць людзям, што жывуць ў Славакіі, зразумець і адчуць, што ёсць і іншыя краіны, і іншыя людзі ў Еўрасаюзе. І калі ім патрэбна дапамога, то трэба дапамагаць, – кажа Яна.
Да плюсаў Еўрасаюза Яна аднесла і тое, што калі дзяржава ўступае ў яго, то адразу атрымлівае магчымасць гандляваць з вялікай колькасцю краін. Рынак велізарны! Але, зноў жа, адразу прыходзіцца адпавядаць еўрапейскім стандартам якасці, якія дастаткова высокія. Не кожны можа вытрымаць гэтую планку.
Адносіны Еўрасаюза і Беларусі
Што тычыцца адносін ЕС з іншымі краінамі, то тут з кожнай з іх ідзе індывідуальная праца і дыялог. Удзельнікаў сустрэчы ў Гродне ў першую чаргу цікавілі стасункі ЕС з Беларуссю.
– Беларусь – адзіная краіна, урад якой ніколі адкрыта не заяўляў пра жаданне ўвайсці ў склад Еўрапейскага саюза. Таму мы не ведаем, што рабіць з такой краінай, як паводзіць сябе і выстройваць свае ўзаемаадносіны, – кажа Яна.
Не сакрэт, што адносіны нашай краіны з Еўрасаюзам далёка не цёплыя. Ці зменіцца сітуацыя ў бліжэйшы час – сказаць цяжка.
– На жаль, узаемаадносіны на высокім узроўні паміж вашай краінай і ЕС цяпер замарожаныя. І гэта негатыўна ўплывае на ўсе сферы жыцця. Шмат чаго, што магло адбывацца – не адбываецца, таму што палітычных стасункаў амаль няма. І гэта адлюстроўваецца на больш нізкіх узроўнях. Можна было б рабіць вельмі шмат розных узаемавыгадных праграм, якія прыносілі карысць і нам, і Беларусі – канстатуе спадарыня Кобзава.