Сын камбатанцкага палка (да 50-ых угодкаў з дня нараджэння Зміцера Кісяля)

Зміцер Кісель раптоўна памёр 30 верасня 2005 году і цяжка паверыць, што з таго трагічнага дня прайшло ўжо амаль 8 гадоў.

Нарадзіўся ён у Гародні ў сям’і беларускіх патрыётаў, якія сур’ёзна пацярпелі ў час сталінскага генацыду, яго бацькі былі вязьнямі савецкіх канцлагераў.

Дзіма з дзяцінства атрымаў адпаведнае беларускае выхаванне. У дзяцей ведамых беларускіх дзеячаў з ідэалагічнай спадкаемнасцю не так проста. Многія з іх настолькі далёкія да беларускіх спраў, што нават ня толькі бацькам сорамна.


Зміцер у гэтым сэнсе цалком спраўдзіў спадзевы сама блізкіх людзей.

Ён вельмі любіў сваіх бацькоў, хоць з іншага боку іх гераічнае мінулае накладала на яго пэўны комплекс сваёй меншай вартасці. Дзіму вельмі любілі таксама сябры яго бацькоў – вязьні савецкіх канлягероў. Ён быў гэткім сынам “гулагаўскага” камбатанцкага палку. Пра яго з вялікай цеплынёй гаварылі многія беларускія ветэраны.


Кісель у школьныя гады займаўся спортам, потым вучыўся і скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Зміцер Кісель быў у ліку таго дзесятку людзей, што пачыналі ў Гародні ў сярэдзіне 1980-ых адраджэнне беларушчыны. І гэта факт, як кажуць, гістарычны. Можна прыгадаць яго чынны ўдзел у выпуску легендарнай газеты “Рэанімова”, заснаванні ў Гародні Беларускага Народнага Фронту, адраджэнні Грамады, журналісцкую працу ў “Пагоні” і беластоцкай “Ніве”, удзел у выбарчых кампаніях, шматлікія палітычныя акцыі і грамадскія справы, у ліку якіх найперш аднаўленне магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы, вяртанне памяці пра Ларысу Геніюш. Пры тым сам Зміцер рэдка выходзіў на першы план.

А яшчэ Кісель адным з першых наладжваў сяброўскія стасункі паміж беларусамі Беласточчыны і сумежнай Гарадзеншчыны.


Усе заваёвы беларускага руху трымаліся і трымаюцца на летуценніках і рамантыках.

Такія людзі аддаюць без шкадавання ўсе сілы нацыянальнаму Адраджэнню! Яны папросту ня могуць жыць інакш, ашчаджаць сябе “на заўтра”.

І многія літаральна “згараюць”. Прыблізна так здарылася і са Зміцерам Кісялём. Ён, нягледзячы на свой асабісты надлом (які быў, на маю думку, найперш вынікам нашай агульнанацыянальнай грамадскай бяды), застаўся верным справе Беларускага Адраджэння, за якое шчыра хварэў душой. Не губляў сваіх поглядаў і пазіцый, сымбалічна, што свой апошні публіцыстычны артыкул пісаў пра бел-чырвона-белы сцяг…