Смецце пад крыжам Каліноўскага
Вёска Якушоўка Ваўкавыскага раёну знаходзіцца на самай мяжы з Польшчай, на ўскрайку Белавежскай пушчы. Менавіта там знаходзіўся фальварак, які належаў бацьку правадыра паўстання 1863-64 гг. Там жа прайшлі дзіцячыя гады братоў Віктара ды Кастуся Каліноўскіх.
Зараз на месцы фальварку стаіць крыж ды памятны камень. Падмуркі закансерваваныя пасля раскопак ў канцы 80-х гг., якія праводзіў вядомы археолаг Міхась Ткачоў.
За 15-20 метраў ад крыжа – падвалы, старажытныя скляпенні і… горы смецця. Гэта – парэшткі тэкстыльных мануфактураў, якімі валодалі Каліноўскія. Падвалы мануфактураў – фактычна адзінае, што засталося ад фальварку – зараз поўныя смецця.
За каментаром мы звярнуліся да аднаго з мясцовых нацыянальных актывістаў:
“Мы прыбіраем у Якушоўцы кожны год: косім траву, выносім смецце. Усё адно скідваюць. Каля падвалаў ужо ставілі шыльдачкі памятныя, каб бачылі – яны знікаюць…”
Праект адбудовы сядзібы Каліноўскіх, пач. 90-х
На пачатку 1990-х існаваў план адбудовы сядзібы ды стварэння музея. Зараз падобныя ідэі хутчэй справа неакрэслена далёкай будучыні, а свіслацкія актывісты ў чарговы раз пойдуць касіць траву ў Якушоўцы ды разграбаць смецце. Магчыма – замест тых, хто жыве поруч і не бачыць прычыны несці смецце далей. Магчыма – замест нас з вамі.