Нашчадак гарадзенскага габрэя кіраваў нарвежскім парламентам

Ёзэф Эліяс (Йо) Бянкоў (Бянковіч) нарадзіўся ў 1924 годзе ў Тронхейме і быў адзіным нарвежскім габрэем, да таго ж практыкуючым юдэем, які калі-небудзь абіраўся ў парламент (ён трапіў туды ў 1965 годзе). У палітычным жыцці ён змагаўся з ксенафобіяй, восем год (1985-1993) займаў пасаду старшыні парламента, больш за 25 год быў адным з лідараў Кансерватыўнай партыі.

 

Дзед палітыка, Хаім-Эліяху Бянковіч, быў жыхаром Гродна, займаўся фатаграфіяй. Бацька, Іван Бянкоў, таксама быў фатографам. Сям’я перабралася з Расіі ў 1905 годзе.

 

Будучы вядомы палітык таксама меў стаць фатографам, працягнуць сямейную традыцыю. Але выбраў службу ў войску.

 

Пасля вайны, у 1950-х Бянкоў пачаў палітычную кар’еру ў Кансерватыўнай партыі. У парламенце ён імкнуўся ўмацаваць нарвежска-ізраільскія адносіны, лабіраваў права рэпатрыяцыі савецкіх габрэяў у Ізраіль.

 

Старшыня габрэйскай рэлігійнай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі параіў шукаць продкаў шведскага палітыка ў архіве: “Думаю, яны плацілі падаткі і іх прозвішча там будзе”. Само прозвішча яму мала вядома. “Сустракаюцца прозвішчы іншых гарадзенскіх фатографаў, а гэтае так сходу не ўзгадаю”. У сваю чаргу, гарадзенскі краязнаўца і фатограф Ян Лялевіч кажа, што прозвішча Бянковіч даволі вядомае ў гісторыі гараденскай фатаграфіі.

 

Час пакажа, ці ўшануюць гарадзенцы продка вядомага нарвежскага палітыка.

 

Здымак Kjetil Ree, Wikimedia Commons