Пародыі ды эпіграмы – гэта рэклама
Прэзентацыя была больш падобная да сустрэчы старых знаёмых недзе ў літаратурным салоне ды праходзіла ва ўтульнай, нават хатняй абстаноўцы.
Паэтка і выкладчыца ўніверсітэта Ала Петрушкевіч (на здымку), прадставіўшы аўтара прысутным, зазначыла, што ведае яго даўно і новая кніга стала для яе сапраўдным адкрыццём.
Янка Трацяк чытаў свае творы трохі саромеючыся. У невялікай залі галерэі прысутнічалі сябры аўтара, студэнты і нават тыя, на каго і былі складзены пародыі.
“Жанр пародыі – вельмі складаны, але і ўдзячны. Тыя, на каго складаюцца пародыі, павінны быць удзячны парадысту за папулярызацыю сваёй творчасць. Як гэта было, калі савецкія парадысты збіралі поўныя залі, людзі стаялі ў чэргах, каб толькі паслухаць іх”, – сказаў прафесар Аляксей Пяткевіч.
Гэтая кніга, можна сказаць, першае такое выданне на Гарадзеншчыне. Гартаеш яе (яна выдадзена на добрай паперы) – і атрымліваеш асалоду ад своеасаблівага пачуцця гумару, дзе-нідзе з’едлівай усмешкі, якая заўсёды да месца, ад цікавых вобразаў. І ўсё гэта – на добрым мастацкім узроўні.
Парадыст пільна ўзіраецца ў творчасць розных паэтаў: ужо добра знаёмых чытачу і тых, чые прозвішчы не так часта з’яўляюцца ў друку. У сваёй гумарыстычнай лабараторыі Янка Трацяк ацэньвае вершы Анатоля Брусевіча, Віктара Варанца, Браніслава Ермашкевіча, Людмілы Кебіч, Юрася Пацюпы ды шмат каго іншых. Дзве пародыі ўжо знаёмыя чытачам “ТС” па артыкуле “Дацэнт. Выкладчык. Культуролаг. Парадыст”.
А вось свае “Эпіграмы” аўтар прысвячае тым, каго добра ведае, з кім разам працуе, сябруе… Як ён сам напісаў у сваёй кнізе:
Тут хацеў бы падарыць
Шаржы, эпіграмы –
Не павінна крыўды быць –
Бо раблю рэкламу!
Здымкі Яна Лялевіча