Пачаўся збор подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг
Ініцыятывы «БМАgroup», «Арт Сядзіба» і «Рок-салідарнасць» распачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Міністэрства культуры.
Яны прапануюць уключыць бел-чырвона-белы сцяг у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Каб далучыцца да збору подпісаў трэба спампаваць і раздрукаваць адзіную форму калектыўнага звароту, запоўніць бланкі і даслаць па вызначаным адрасе.
Ініцыятары прэзентуюць кожнаму, хто збярэ подпісы пад зваротам, дыскі з беларускай музыкай, цішоткі з нацыянальнай сымболікай, кнігі ды іншыя падарункі.
Вынікі кампаніі і колькасць подпісаў будуць агучаныя 27 ліпеня.
Акцыя праводзіцца ў межах культурніцкай кампаніі па папулярызацыі нацыянальнай сымболікі Беларусі — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».
«БМАgroup» і «Арт Сядзіба» ўжо правялі некалькі акцый.
Напрыклад, 14 траўня, у гадавіну правядзення рэферэндуму 1995 года, актывісты кампаніі раздавалі на вуліцах Мінска значкі і дыскі з беларускай музыкай.
Таксама быў выдадзены дыск «Сымбалі веры і свабоды», які можна спампаваць на сайце «Арт Сядзібы» ці тут: RAR (128 kbps, 90 Mb), RAR (320 kbps, 193 Mb).