За ўсталяванне крыжа ў Рачкаўшчызне пакараюць 82-гадовую жанчыну?

|

Жанчыну вінавацяць у арганізацыі нелегальнага сходу. Ёй пагражае штраф альбо да 15 сутак адміністратыўнага арышту.

У афіцыйным паведамленні гаворыцца аб тым, што “грамадзянка Себасцьяновіч парушыла ўсталяваны парадак, не маючы з боку дазволу з боку мясцовых уладаў 12 траўня ў 15 гадзін арганізавала і правяла ў мясцовасці Рачкаўшчызна сход памяці жаўнера Арміі Краёвай. Адказнасць за здзяйсненне падобнага ўчынку прадугледжана арт. 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь”.

 

Журналіст Андрэй Пачобут сочыць за развіццём справы:

-Спадарыня Вераніка Себасцьяновіч не была арганізатаркай усталявання крыжа, але была там і ёсць на здымках.

Жанчына вярнулася з Польшчы і атрымала ліст па пошце.

Я не ведаю, чаму яе выбралі. Не выключана, што спіс абвінавачаных будзе пашыраны.

 

 

Вераніка Себасцьяновіч да вясны 1951 года была сувязной партызанскага атраду антысавецкага падполля на Гарадзеншчыне.

Арыштаваная, атрымала 25 гадоў лагероў, праз 4 гады вызваленая па амністыі.

 

Крыж, пра які вядзецца гаворка, усталяваны на прыкладным месцы гібелі Олеха (актыўнага ўдзельніка Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка) у гадавіну ягонай смерці.

Ініцыятарам усталявання памятнага знака стаў непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў на Беларусі.

Крыж стаіць на прыватнай тэрыторыі з дазволу гаспадароў.


“Таварыства жаўнераў АК на Беларусі” дзейнічае пры непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў на Беларусі. На сёння ў арганізацыю ўваходзяць каля 70 былых удзельнікаў антысавецкага супраціву.