Мова жывых мерцвякоў
Няўжо стваральнікі роліка сапраўды хацелі выклікаць такую рэакцыю ў гледача? Можа, з маім успрыняццем штосці не так? Але паглядзіце любы фільм пра зомбі. Там іх шкадуюць? Хочуць вылячыць (хоць часам бывае)? Але ў выніку, які б родны чалавек табе не быў, калі ён пераўтвараецца ў зомбі, выйсце адно – стрэл у галаву.
Ці скарыцца, даць укусіць і самому стаць зомбі? Ой-ой, дык я ўжо тады даўно “зомбі”, і сям’я мая таксама. І сябры. Размаўляем сваёй “замбячай” мовай, па вуліцах ходзім, некаторыя ад нас нават шарахаюцца, хоць большасць – “талерантныя”, і на тым дзякуй.
Што чакае такіх “зомбі”, што выжылі нягледзячы ні на што? Мой любімы фільм пра зомбі – “Шон жывых мерцвякоў”, здаецца там нават хэппі энд. Калі памятаеце, сябрук галоўнага героя Эд стаў зомбі – жыве на ланцугу ў сараі, грае ў плэйстэйшн. Іншы зомбі стаўся зоркаю рэаліці шоў. Не, неяк такі “энд” для мяне не “хэппі”.
Напрыканцы аўтары роліка гавораць, што нам выпаў шанец выправіць памылку мільёнаў – тых, хто адрокся, трэба разумець. І ўвогуле – “вінаватыя не толькі мы”. Але дзяўчына-мова-зомбі ў выніку… сыходзіць ад нас у нейкі лес. “Фууф, ну і добра”, – першая думка.
Увогуле “за крэатыў”, за здымкі і мантаж – пяць баллаў. За добрыя намеры таксама. Чакаю новых сюжэтаў. Мова-вапір, мова-іншапланетны-монстр, мова-серыйны-забойца, мова-злобны-вірус і нарэшце, мова-прывід, што ходзіць сярод нас, вые па начах і бразгаціць ланцугамі.