Раскопкі балцкага могільніка ля Наваградка. Ёсць магчымасць далучыцца!
Даследванні могільніка з трупаспаленнем другой паловы 13-14 стагоддзяў запланаваныя на 1-15 ліпеня.
Кіраўнік экспедыцыі – малодшы навуковы супрацоўнік аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН РБ Яўген Уласавец.
Я.Уласавец:
– Грошай мы не маем, таму даводзіцца разлічваць толькі на саміх сябе.
Шукаем ахвотных дапамагчы нам у працы.
Умовы будуць паходныя: намёты, вазёры, дзе можна пакупацца, прыгатаванне ежы на вогнішчы.
Добра, калі намёт ёсць уласны. Спатрэбяцца таксама сеткі ад камароў, якіх у тых балоцістых мясцінах шмат. Ежай таксама давядзецца забяспечваць сябе з большага самім.
Яўген папярэджвае, што праца будзе цяжкая, больш мужчынская, а працоўны дзень часам можа працягвацца да 19-20 гадзін. Добра, калі валанцёраў збярэцца шмат. Археолаг разлічвае, што адгукнецца ад 15 да 30 памочнікаў, інакш будзе вельмі складана.
Я.Уласавец:
– Запрашаем усіх, хто зможа далучыцца. Разумею, што на 2 тыдні мала хто можа вырвацца, але адразу кажу, што на 2 дні прыязджаць таксама мала будзе карысці, больш клопату, пакуль чалавеку ўсё патлумачыш, навучыш…
Найлепш, калі будзе атрымлівацца прыехаць на 5-7 дзён.
Некалькі ахвотных з Мінску ўжо ёсць, хутчэй за ўсё будуць працаваць і студэнты з Санкт-Пецярбургу.
Месцазнаходжанне могільніка археолаг не называе, бо былі выпадкі, калі пасля такіх абвестак археалагічныя помнікі знішчалі чорныя капальнікі. Усіх, хто выкажа жаданне паўдзельнічаць у раскопках, Яўген Уласавец сустрэне ў Наваградку і даставіць на месца.
Кантакты: (МТС +375 29 8781918), E–mail: gedygold@rambler.ru.
Здымак http://penza.bezformata.ru