Ці была ў Гродне царква Св. Іллі? Вытрымкі з дыскусіі пра памятныя знакі
Гэта было чарговае паседжанне па тэме ўсталявання памятных знакаў аб знішчаных храмах горада. На сустрэчу былі запрошаныя з аднаго боку праваслаўныя вернікі –ініцыятары ідэі, з другога – прафесійныя гісторыкі.
Абмяркоўваўся змест тэкстаў на шыльдах мемарыяльных знакаў, найбольшую вастрыню набыла фармулёўка надпісу на шыльдзе ля Драмтэатра. Ініцыятары настойвалі на тым, каб там абавязкова прысутнічала згадка аб гіпатэтычнай царкве Св. Іллі. Таксама не даваў спакою праваслаўным жанчынам узрост Фары Вітаўта – паводле іх сцвярджэння “в издревле православном городе” першы каталіцкі храм з’явіўся не раней сярэдзіны XVI ст.
Першае слова далі прафесару Святлане Марозавай, якая прадставіла аргументаваную даведку аб тым, што Фарны касцёл у Гродне з’явіўся адным з першых у ВКЛ, а значыць у канцы XIV ст. Датычна царквы Св.Іллі прафесар дадала, што факт існавання такога храма на “трэцім наднёманскім пагорку” не пацверджаны пісьмовымі дакументамі. Раскопак жа ў час будаўніцтва Драмтэатра праведзена не было. Святлана Валянцінаўна прапанавала ўстанавіць у нейкім сімвалічным месцы адзін помнік усім страчаным святыням.
Праваслаўная верніца Алена Міхайлаўна Сурба ўсумнілася ў аўтарытэтнасці прафесаркі: “Якія ў вас навуковыя працы?” – “Я – суаўтарка трох перавыданняў “Гродназнаўства” – “А вось аўтар “Градостроительной культуры Гродно” Юры Кішык напісаў у сваёй кнізе, рэцэнзэнтамі якой з’яўляюцца, дарэчы, дактары навук, аб існаванні храма Св.Іллі з ХІІ ст.!”
Вядучая сутрэчы, намесніца мэра Зоя Кулеша, зачытала цытату з тлумачальнага ліста самога Кішыка: “меркаванае размяшчэнне царквы Св.Іллі на трэцім узгорку”.
Гісторык Наталля Сліж аперавала выключна дадзенымі гістарычных крыніц. На яе думку, царква Св.Іллі, якая ўзгадваецца толькі ў XVII ст., магла знаходзіцца ў якім заўгодна месцы. І наогул не факт, што царква была ў Гродне, а не па-за горадам, як, напрыклад, царква Св. Спаса, якая стаяла над Котрай ля Скідзеля і знаходзілася пад юрысдыкцыяй гарадзенскай пратапопіі. Даследчыцы было незразумела, чаму такая пільная ўвага надаецца гэтаму аб’екту. Магчыма, варта паставіць помнікі ўсім знаным страчаным святыням і важнейшым будынкам.
Спадарыня Сурба адказвала словамі даследчыкаў гарадзенскай мінуўшчыны: выкладчыка гарадзенскай гімназіі пачатку ХХ ст. Арлоўскага і афіцэра расейскай імперскай арміі Баброўскага. Паводле апошняга Фарны касцёл з’явіўся толькі ў 1551 годзе дзякуючы фундацыі каралевы Боны.
У падтрымку праваслаўных вернікаў слова ўзяў прафесар Валер Чарапіца:
“Па праўдзе, я займаюся ХІХ і крышачку ХХ ст. Можа, пакуль і няма непасрэдных доказаў існавання царквы Св.Іллі, але мне хапае тых аргументаў, якімі аперуюць гэтыя прадстаўніцы праваслаўных вернікаў – у іх інтуітыўныя перажыванні і адчуванні гэтага храма, і мне блізкія гэтыя пазыцыі.
Я нідзе ў Еўропе не быў акрамя Польшчы, але ў нашых заходніх суседзяў я заўважыў, як яны не саромеюцца выкарыстоўваць не да канца спраўджаныя гістарычныя звесткі, каб узбагаціць сваю гісторыю.
А ў гісторыі ўсё можа памяняцца, раптам праз нейкі час і сапраўды ўсплынуць факты аб наяўнасці царквы Св.Іллі на тым месцы. Вось жа і мы з Барысам Максавічам Квяткоўскім (кіраўніком габрэйскай грамады горада – рэд.) разам і вучыліся, і служылі, былі камсамольцамі і атэістамі, а потым вось як павярнулася жыццё”.
Ігар Трусаў, аўтар кнігі “Праваслаўныя храмы Гродна”:
“Няма крыніцы – няма факту. Царквой Св.Іллі магла быць і безыменная замкавая Верхняя Царква і царква на месцы могілак на Падольнай і г.д. І наогул, ці варта ставіць крыжы на такіх месцах, ці не стануцца такія пункты месцамі пакланення і малебнаў?
Можа лепей абазначыць контуры той самай царквы Аляксандра Неўскага і іншых знішчаных храмаў, па прыкладзе таго, як было зроблена на месцы Дамініканскага касцёла з падачы тагачаснага галоўнага архітэктара “ГроднаЖылПраекту” Уладзіміра Лытава?”.
а. Аляксандр Велісейчык: “Не трэба баяцца малітваў ля крыжоў. Але таксама не трэба прафанаваць святыя месцы – раз невядома дакладна, значыць трэба пісаць толькі правераныя звесткі аб існаванні храмаў у тым ці іншым месцы. А пакуль толькі тры гады пустой гаварыльні – а воз не рушыў з месца”.
кс. Ян Кучынскі: “Я адчуваю, што некаму карціць вызначыць, хто ў горадзе важнейшы – каталікі ці праваслаўныя. А трэба засяродзіцца на засваенні тых сродкаў, якія дае гарвыканкам для ўсталявання такіх мемарыялаў. Трэба дзейнічаць! Вось напрыклад, калі б далі дазвол на аднаўленне Фары Вітаўта, мы прыступілі б неадкладаючы”.
Алена Сурба: “Я адчуваю, што тут змова супраць праваслаўных. Як так, падыйдуць турысты да такой шыльды і прачытаюць, што найперш ад XVII ст. на гэтым месцы стаяў каталіцкі касцёл?!”
Андрэй Вашкевіч, гісторык: “Падтрымліваю калег. Лічу, што трэба не столькі мемарыялізаваць, колькі гістарыязаваць гэтыя месцы. Значна лепш і танней паставіць стэнды з малюнкамі Напалеона Орды (як вядома, мастак пакінуў больш за паўсотні выяваў горада) і максімумам інфармацыі пра аб’екты для жыхароў і гасцей горада”.
У прадчуванні, што гучная дыскусія над тэкстам мемарыяла ля Драмтэатра можа прывесці да немажлівасці яго рэалізацыі, мастак Уладзімір Качан прапанаваў падкарэктаваць свой праект так, каб таблічку з надпісам можна было ў любы момант замяніць пры наяўнасці новых звестак.
Падвяла вынік дыскусіі намесніца старшыні гарвыканкама, якая паабяцала ўстанавіць помнік на месцы Фары Вітаўта. Пра памятны знак на месцы кляштара Бернардынак яна дала зразумець, што пытанне застаецца нявырашаным. Гэта, фактычна, дае мажлівасць канчаткова зарубіць ініцыятыву ўстаноўкі мемарыяла ля Драмтэатра.