Дыстанцыйнае навучанне ў Беларусі: магчымасці і праблемы

На сёння вышэйшую адукацыю маюць толькі 6% дарослых інвалідаў-калясачнікаў, 10,7% інвалідаў з парушэннем зроку і 6,3% інвалідаў з парушэннем слыху.

 

Па цэлым шэрагу прычын даступнасць вышэйшай адукацыі для інвалідаў у цяперашні час не забяспечана. Вельмі часта гэта людзі з высокім  патэнцыялам і высокім узроўнем матывацыі, хоць іх фізічныя магчымасці абмежаваныя. Вельмі складана атрымаць вышэйшую адукацыю інвалідам, якія жывуць у невялікіх гарадах, вобласці і сельскіх раёнах.

 

Гэта звязана не толькі з фінансавымі цяжкасцямі, але і з фізічнай немагчымасцю пераезду да месца вучобы. Так, разам з існуючымі формамі навучання інвалідаў, існуе новая форма навучання, якая мае вялікія перспектывы – дыстанцыйнае навучанне.

У сістэме адукацыі дыстанцыйнае навучанне адпавядае прынцыпу гуманнасці, згодна з якім ніхто не павінен быць пазбаўлены магчымасці вучыцца па прычыне беднасці, геаграфічнай або часовай ізаляванасці, сацыяльнай неабароненасці ці немагчымасці наведваць адукацыйныя ўстановы ў сілу фізічных недахопаў.

 

Займаючыся ў кампутарным класе або ў сябе дома, інвалід перастае быць чалавекам, абмежаваным у прасторы – у яго з’яўляецца сувязь літаральна з усім светам. Становяцца даступнымі каталогі сусветных бібліятэк, базы дадзеных, якія змяшчаюць вынікі рэальных даследаванняў, базы дадзеных па заканадаўстве, навучальная праграмнае забеспячэнне і архівы.

 

Як павінна працаваць навучанне анлайн

 

Прынцыповым у ідэі дыстанцыйнай адукацыі (ДА) з’яўляецца пераход ад прынятага ў традыцыйных відах адукацыі (як дзённым, так і завочным) “руху навучэнцаў за ведамі” да “руху ведаў да навучэнцаў”.

 

Усе студэнты ДА звязаныя з адміністрацыяй факультэта праз электронны дэканат, праз які яны атрымліваюць заданні, розную інфармацыю, што датычыцца навучальнага працэсу, адпраўляюць выкананыя работы, здаюць тэсты, кантрольныя работы. У залежнасці ад ступені аддаленасці і індывідуальных асаблівасцяў, студэнты могуць здаваць экзаменацыйную сесію дзённа ці дыстанцыйна, выкарыстоўваючы абалонку інтэрнэт-семінара. Таксама студэнты маюць магчымасць звяртацца да выкладчыкаў па кансультацыі, з пытаннямі, якія ўзнікаюць, на студэнцкім форуме электроннага дэканата, прысутнічаць на планавых лекцыях факультэта.

Бадай самай распаўсюджанай і папулярнай тэхналогіяй анлайн-адукацыі з’яўляецца сеткавая, якая прадугледжвае розныя формы правядзення заняткаў:

 

– чат-заняткі – праводзяцца сінхронна, г.зн. усе вучні маюць доступ у чат у адзін і той жа час;

– вэб-заняткі – для іх выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя адукацыйныя вэб-форумы, якія працуюць з дапамогай запісаў, якія пакідаюцца на адным з сайтаў з усталяванай на ім адпаведнай праграмай. Ад чат-заняткаў адрозніваюцца большай працягласцю працы і асінхронным узаемадзеяннем вучняў і педагогаў;

– тэлеканферэнцыі – праводзяцца на аснове спісаў з выкарыстаннем электроннай пошты.


Як атрымаць дыплом на адлегласці ў беларускіх ВНУ?

 

У Кодэксе “Аб адукацыі” ёсць дзве формы навучання – дзённая і завочная. Дыстанцыйная форма не замацавана. Ёсць дыстанцыйныя тэхналогіі адукацыі, якія вызначаюцца законам як ўзаемадзеянне выкладчыка і студэнта з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Варыянтаў такога ўзаемадзеяння мноства: тэлебачанне, інтэрнэт, электронная пошта, тэлефон, факс.

 

Разам з тым, ёсць важная ўмова, прапісаная ў Кодэксе – аб неабходнасці забяспечваць якасць і даступнасць адукацыі асобам з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця на ўсіх узроўнях праз стварэнне спецыяльных умоў.

 

Згодна з планам развіцця адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь у 2011-2015 гадах неабходна забяспечыць перавод адукацыйных рэсурсаў у электронны выгляд, а таксама абслугоўванне карыстальнікаў з дапамогай інтэрнэта. Да 2015 года кожная ўстанова адукацыі і органы кіравання адукацыяй будуць забяспечаны шырокапалосным доступам у інтэрнэт, будуць праведзены поўныя замены састарэлай тэхнікі (з тэрмінам эксплуатацыі 10 і больш гадоў) і забеспячэнне ўсіх агульнаадукацыйных устаноў электроннымі планшэтамі і праграмнымі сродкамі паводле механізмаў рэалізацыі задач Урада Рэспублікі Беларусь у сферы адукацыі на 2011-2015 гг.

У Беларусі элементы ДА можна знайсці як у прыватных, так і ў дзяржаўных ВНУ. Такія магчымасці прадстаўленыя ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Акадэмііі кіравання пры прэзідэнце РБ, а таксама ў Гомельскім, Баранавіцкім, Брэсцкім і Полацкім універсітэтах.

 

Спіс навучальных устаноў з дыстанцыйнай формай навучання ўвесь час пашыраецца, як зрэшты і спіс метадаў навучання з дапамогай інтэрнэту. Зараз віртуальным студэнтам прапануюць не толькі тэст для праверкі ведаў, але і адмысловую сістэму для кіравання навучаннем (moodle).

 

З мэтай развіцця сістэмы дыстанцыйнага навучання ў Рэспубліцы Беларусь у 2000 годзе ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на базе факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі быў створаны Міжнародны інстытут дыстанцыйнай адукацыі. Зараз у склад інстытута ўваходзяць кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”, філіялы кафедраў у Гродне, Салігорску і Маладзечне, аддзел развіцця інфармацыйных тэхналогій і падтрымкі навучальнага працэсу.

 

Цяпер інстытут праводзіць набор студэнтаў для навучання на платнай аснове без адрыву ад асноўнай адукацыі па пяці спецыяльнасцях:

 

– праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій;

– інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі;

– аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі;

– мэнэджмэнт;

– эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве.

 

У 2005 годзе ў МІДА пачата падрыхтоўка магістрантаў па спецыяльнасцях інфармацыйна-тэхнічнага і эканамічна-кіраўніцкага профіляў. Зараз час тут навучаецца больш за 1400 студэнтаў.


Ці карыстаюцца ДА інваліды?

 

Пры атрыманні вышэйшай адукацыі сістэма ДА грунтуецца на адукацыйных стандартах спецыяльнасцяў, устаноўленых для ўсіх формаў навучання. Асаблівасцю створанай у Беларусі сістэмы ДА з’яўляецца тое, што яна знаходзіцца на стадыі развіцця.

 

Як адзначаюць чыноўнікі, працэс развіцця ДА ў нашай краіне стрымліваецца шэрагам прычын: недастатковае нарматыўнае прававое забяспячэнне працэсу ДА, вузкі склад удзельнікаў эксперыменту па ўкараненні сістэмы, адсутнасць адзіных падыходаў пры стварэнні электронных вучэбна-метадычных комплексаў, адсутнасць распрацовак вучэбна-метадычнага комплексу на замежных мовах, адсутнасць спецыяльных праграм для дыстанцыйнага навучання сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва і асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, недастатковае фінансаванне сістэмы дыстанцыйнага навучання Рэспублікі Беларусь за кошт бюджэтных сродкаў, праблемы пры арганізацыі ДА ў магістратуры.

 

Тэндэнцыі ў прасоўванні ДА назіраюцца пакуль толькі на словах. Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль адзначае:


“Мы з асаблівай цікавасцю ўспрынялі вектар, зададзены прэзідэнтам ў галіне інфарматызацыі, бо наш універсітэт даўно і дастаткова плённа працуе ў гэтым накірунку. Інфармацыйныя тэхналогіі паспяхова прымяняюцца як непасрэдна ў галіне адукацыі, так і ў дзейнасці універсітэта ва ўсіх без выключэння сферах.


Што тычыцца навучальнага працэсу, ёсць магчымасць аддаленага доступу да вучэбных матэрыялаў па ўсіх прадметах. Выкладчыкі ствараюць электронныя вучэбна-метадычныя комплексы – онлайн-скарбонкі па ўсіх дысцыплінах, якія ўключаюць спісы літаратуры, навучальныя дапаможнікі, пытанні да залікаў і іспытаў”.

 

Што датычыцца планаў на будучыню, рэктар абяцае, што дыстанцыйнае навучанне будзе развівацца і ўдасканальвацца.           

ДА ў Беларусі – гэта платная форма навучання, у тым ліку і для інвалідаў, якім пры паступленні на дзённае ці завочнае аддзяленне прадастаўляюцца ільготы. Такім чынам, сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва не прадастаўляюцца больш спрыяльныя ўмовы.

 

Больш інфармацыі пра вышэйшую адукацыю ў нашай краіне можна знайсці на сайце Балонскага грамадскага камітэта.