Кіно паводле Жыжэка
Фільм «Кінагід вычварэнца» – гэта спроба экранізацыі кнігі славенскага філосафа Жыжэка «Lacrimae Rerum. Кесьлёўскі, Хічкок, Таркоўскі, Лінч». Гэта «займальны псіхааналіз» для малодшых навуковых супрацоўнікаў і лекцыя кандыцыі чалавека для самазваных філосафаў. Папулярны крытык сучаснай культуры, падаўжальнік псіхааналітычнай традыцыі Фройда і Лакана, спрабуе адшукаць глыбінныя сэнсы ў некалькіх дзесятках кінастужак, істотных для гісторыі кіно.
І знаходзіць іх – Эга, Супер-Эга і Ід – падставовыя катэгорыі, што кіруюць чалавекам, падсвядомыя жаданні і эмоцыі, над якімі мы не можам запанаваць. Неверагодна, як лёгка Жыжэк знаходзіць гэтыя механізмы ў кожным з прэзентаваных фільмаў. Ад «Вялікага дыктатара» Чарлі Чапліна да «Матрыцы» братоў Вачоўскіх.
Жыжэк каментуе не толькі аўтарскае, элітарнае кіно, але і папулярныя масавыя фільмы. Пры гэтым ён выкарыстоўвае шыкоўны візуальны эфект – прысутнасць у кадры фільму, які ён каментуе. Гэта ён плыве ў лодцы ў «Птушках» Хічкока, ён стаіць на пустой сцэне ў «Малхоладн Драйв», ён сядзіць насупраць Морфеўса і просіць трэцюю таблетку. У выніку мы разам з ім трапляем у прастору паміж кадраў цэлулоіднай стужкі, у галаву творцы.
Кіно – галоўнае з мастацтваў, пра гэта казаў яшчэ Ленін. Дзіўным збегам абставін, Жыжэк зрабіўся вядомым, каментуючы несмяротных Леніна і Мао. Ён не верыць у рэвалюцыю, але спрабуе аднавіць тую навізну і смеласць мыслення, якую мы недзе згубілі. Фільм не мае істотнага палітычнага падтэксту, гэта не левая прапаганда, а Жыжэк нават не спрабуе чарговы раз правакаваць нас. Ну, калі толькі заахвочванне да мыслення мы не ўспрымаем як правакацыю…
Для кожнага, хто хоча інакш паглядзець на знаёмае кіно, гэты фільм будзе адкрыццём. Да таго, закранаючы больш за 40 (!) стужак, ён можа быць пачаткам доўгага, можа бясконцага падарожжа па краіне дзесятай музы. Тут аднак хаваецца і істотны мінус: «Кінагід» проста занадта доўгі і не ў кожнага хопіць часу і жадання даглядзець яго да канца. Але гэта будзе ўжо яго ўласная страта.
Чаму мы ўсё часцей чуем пра крызіс у кіно? Ці сапраўды кінатворцы зачыніліся ў турме адпрацаваных ідэй? Магчыма, акурат тут – у масавай культуры – сёння неабходная яшчэ адна рэвалюцыя. Хрысціянства, марксізм і фрайдызм – тры рэвалюцыйныя парадыгмы паводле Славоя Жыжэка. Ці хопіць смеласці сённяшнім кінатворцам дадаць у гэты шэраг мастацтва экрану?
Фільм: Кінагід вычварэнца / The pervert’s guide to cinema, Велікабрытанія, Аўстралія, Галандыя, 2006 г., 150 хв.
Рэжысёр: Софі Файнс
Жанр: дакументальны
Прыватная ацэнка: 8/10
Аляксей Шота