Лепшыя джазавыя музыкі краіны сабраліся ў Гродне

| Без катэгорыі

Ці то паўплывала кепскае надвор’е, ці то кошт білетаў (110 тыс.), але жадаючых паслухаць джаз на другі дзень фэсту было няшмат, а іх колькасць толькі меншала з кожнай гадзінай.

Let’s Dance

Першым на сцэне выступаў вядомы літоўскі блюзавы выканаўца Аляксандр Белкін, які ўжо паспеў спадабацца гарадзенцам у першы дзень фэсту ў складзе праекта Beatles’n’Jazz. Адразу пасля яго эстафету перахапіў гарадзенскі калектыў Fat Jazz Band, музыка якога, нягледзячы на назву, схілялася ў бок рок-н-рола. Фронтмэн гурта, саксафаніст Аляксандр Краўчук, прадстаўляючы музыкаў, не абмінуў магчымасці пажартаваць з клавішніка Дзяніса Лукашэнкі.

Лукашэнка грае джаз

Для многіх прысутных гэта была першая магчымасць пазнаёміцца з новым пашыраным складам каманды: цяпер у Fat Jazz Band граюць не чатыры, а цэлых дзевяць чалавек.

Павел Аракелян выйшаў на сцэну ў майцы з надпісам “Свабоду Статкевічу”

 

Наступным ішоў шэраг мінскіх гасцей, першым з якіх выступіў калектыў Паўла Аракеляна, з нязменнай Людмілай Крукоўскай на басе. На клавішах быў Дзмітрый Хаменка, які потым не раз яшчэ выходзіў на сцэну фестываля ў складзе іншых гуртоў.

Зрэшты, гэта можна назваць асаблівасцю не толькі фэсту “Grodno Jazz”, але і беларускай музыкі наогул. Уважлівы слухач не мог не заўважыць, што ў кожным другім гурце грае або Дзмітрый Хаменка, або Аляксандр Старажук (бубны, экс-Ляпис Трубецкой), або яны разам. Гэтаксама ў складзе Трыа Гарачага можна было пабачыць басіста Славу Сергеенка, які працуе з шэрагам беларускіх выканаўцаў: ад Зміцера Вайцюшкевіча да Георгія Калдуна.

Трыа Канстанціна Гарачага, дарэчы, акурат зараз займаецца запісам імправізацыйнага live-альбома. На фэсце музыкі выканалі не толькі свае кампазіцыі, але і вельмі ўдала інтэрпрэтавалі Caravan – джазавы стандарт несмяротнага Дзюка Элінгтана.

Тыя, хто нягледзячы на халоднае надвор’е застаўся да самага канца, атрымалі выдатны падарунак – выступ аркестра Ліпніцкага, які не толькі ў стане зайграць выдатную музыку, але і зрабіць сапраўднае запальваючае шоў.

Музычны ўзровень фэсту, безумоўна, высокі. Шкада толькі, што з гастранамічных паслуг арганізатары не змаглі прапанаваць наведнікам нічога большага за адзін намёт з півам і сухарыкамі. Адсутнасць магчымасці больш-менш прыстойна паесці і папіць адчувалася.