Пад арэнднае жыллё ў Гродне прапануюць кватэры з прыбіральняй на вуліцы

|

Гродзенскі гарвыканкам вылучыў для прадстаўлення грамадзянам у арэнду 4 кватэры, якія вызваліліся ад жыльцоў.

У Кастрычніцкім раёне – у дамах 1935 і 1952 гадоў пабудовы.


Паводле абвесткі, змешчанай на сайце гарвыканкама, двухпакаёвая кватэра (вул.Асавіяхімаўская, 1-3) агульнай плошчай 32,4 кв.м мае пячное ацяпленне, халоднае водазабеспячэнне, каналізацыю, “прыбіральню дваравую”.

Жыллё знаходзіцца ў мансарднай частцы дома 1935 года пабудовы.

 

Другая кватэра – двухпакаёўка агульнай плошчай 47,4 кв.м па адрасе вул.Друцк, 2-4.

Не ўзіраючы на тое, што дом маладзейшы – 1952 года, умовы ідэнтычныя: пячное ацяпленне, халоднае водазабеспячэнне, балонны газ і прыбіральня ў двары.



Адміністрацыя Ленінскага раёна прапануе арандатарам пасяліцца ў гістарычным будынку 1898 года па адрасе вул.Карла Маркса, 14-1, альбо ў кватэры па вул.Валковіча, 25-15, 1960 года будаўніцтва.

Найлепшыя (цалкам сучасныя) умовы для пражывання – у доме, пабудаваным 115 гадоў таму.



У Гродне арэндная плата за карыстанне жылымі памяшканнямі камерцыйнага фонда налічваецца з разліку 10 тысяч рублёў за квадратны метр агульнай плошчы ў месяц.

Для кватэр, у якіх адсутнічае гарачае, халоднае водазабеспячэнне, цэнтральнае ацяпленне, аплата памяньшаецца на 10% за кожны адсутны від інжынернай сістэмы.


Да гэтай пары пад арэнднае жыллё ў Гродне вылучаліся кватэры ў новапабудаваных дамах.


Здымак http://modusponens.info