У Іўе з’явілася энергаэфектыўная школа. У планах – ветравая ўстаноўка на Наваградчыне
Паколькі праект ладзіўся сумеснымі сіламі, атмасфера сяброўства і партнёрства была забяспечаная: мясцовыя дзеткі сустракалі прадстаўнікоў улады і журналістаў з беларускімі і еўрасаюзаўскімі сцяжкамі у руках, гучалі песні пра квітнеючую Беларусь.
Дзеці выглядалі стомленымі ад афіцыёзу, але шчаслівымі. Яны атрымалі сапраўдны падарунак – прыгожую і ўтульную школу-інтэрнат, абсталяваную інавацыйнымі тэхналогіямі.
Сямёна Шапіру, як толькі ён прыехаў, адразу акружылі журналісты. Мы падышлі да губернатара аккурат тады, калі ён разам са старшынёй Іўеўскага райвыканкама ўзгадваў, колькі пайшло ў праект грошай еўрапейскіх, а колькі з мясцовага бюджэту:
– Міхаіл Міхалыч, колькі тут нашых грошаў?
– Пяць мільярдаў.
– Значыцца, нашых 540 тысяч еўра і 760 тысяч з Еўрасаюза.
З прыездам кіраўнічкі дэлегацыі ЕС у Беларусі Майры Моры пачалася афіцыйная частка. Гучалі словы падзякі, падводзіліся радасныя вынікі. Майра Мора распавяла пра штогадовую еўрапейскую праграму “Дзеянне”, якая падтрымлівае развіццё на мясцовым узроўні і на якую ў 2014 годзе будзе выдаткавана 13 мільёнаў еўра:
– У рамках гэтай праграмы будуць распрацаваны стратэгіі развіцця для кожнай вобласці, якая прыме ўдзел у праекце (акрамя Мінскай і Віцебскай), а таксама рэалізацыя пілотных праектаў для іх падтрымкі.
Мадэрнізацыя школы ў Іўі – не апошні праект у праграме міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва ў Гарадзенскай вобласці. Мы таксама плануем пабудаваць ветравую ўстаноўку ў Навагрудскім раёне. Мы запрашаем мясцовыя ўлады да распрацоўкі такіх аб’ектаў.
Пасля ўрачыстага пераразання чырвонай стужкі, гасцей запрасілі ўсярэдзіну школы-інтэрната, якая пасля мадэрнізацыі ўключыла ў сябе пачатковую школку, дзіцячы садок ды цэнтр рэабілітацыі дзетак з абмежаванымі магчымасцямі.
Унутры ўсё выглядала шыкоўна: кабінеты з сучаснай тэхнікай, новыя ложкі ў дзіцячых пакоях, акуратненькія прыбіральні і пакоі для персанала. Адныя кабінеты былі пустыя, у другіх з па-святочнаму апранутымі выхавацелькамі гуляліся дзеткі. Было бачна, што Іўе рыхтавалася да гэтай сустрэчы не адзін дзень.
Калі агляд памяшканняў скончыўся, усіх запрасілі паглядзець на кацельную і дахі з сонечнымі панэлямі, якія забяспечвалі рэкуперацыю цеплыні ў санітарным блоку – альтэрнатыўныя спосабы выпрацоўкі і захавання энергіі.
Сцежка да кацельнай праходзіла праз даволі ўтаптаную траву:
– Чаму тут газонаў няма? Трава нейкая не зялёная, – з усмешкай звярнуўся да кіраўніцтва школы Сямён Шапіра.
– Дык пафарбаваць не паспелі, – пажартаваў хтосьці з групы прадстаўнікоў Еўрасаюза.
Пазітыўны настрой захаваўся ва ўдзельнікаў мерапрыемства да самага канца. Пабачыўшы выдатны вынік міжнароднага супрацоўніцтва, мы развіталіся з Іўем і скіраваліся назад ў Гродна.
Фотаздымкі прадстаўленыя арганізатарамі прэс-тура