Кветкі ўдзельнікам аперацыі “Вострая Брама”
“Мы павінны памятаць і нагадваць братам-беларусам, якія часам паддаюцца прапагандысцкай дэмагогіі, што аперацыя “Вострая Брама” была абсалютным сведчаннем барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і салдаты Арміі Краёвай змагаліся за свабоду зямлі, якая цяпер знаходзіцца ў межах незалежнай Беларусі, а таму яны ўскосна змагаліся за свабодную Беларусь”, – сказаў на магілах жаўнераў АК, Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч.
Дыпламат адзначыў, што беларуская дзяржаўная прапаганда і частка беларускай апазіцыі інтэрпрэтуе барацьбу АК з савецкай ўладай, на жаль, як барацьбу з беларусамі.
“Мы павінны ганарыцца тым, што АК ў Еўропе была адной з самых арганізаваных і эфектыўных паўстанцкіх сілаў, якая змагалася супраць нацыстаў”, – адзначыў консул Хадкевіч.
Гісторык Юзэф Пажэцкі заклікаў палякаў з розных населеных пунктаў даглядаць надмагіллі акаўцаў, бо амаль на кожных каталіцкіх могілках можна знайсці магілы жаўнераў Арміі Краёвай.
Даследчыкам удалося за апошнія гады знайсці шмат такіх пахаванняў, і цяпер помнікі жаўнерам АК ёсць у Лідскім, Шчучынскім, Ашмянскім, Астравецкім раёнах Гарадзеншчыны.
“Вострая Брама” – аперацыя па вызваленні Вільні ад гітлераўцаў, якая распачалася 7 ліпеня 1944 года. Жаўнеры АК вызваліі горад ад нямецкіх акупантаў. Некаторы час яны патрулявалі горад разам з салдатамі Савецкай Арміі. Аднак ужо ў жніўні 1944 года большасць жаўнераў АК арыштавалі і выслалі ў Сібір.
Паводле zpb.org.pl
Здымкі Інэс Тодрык-Пісальнік