Выбар Казлоўскага

Любая вайна альбо рэвалюцыя – час экзістэнцыйнага выбару для шматлікіх яе вольных альбо нявольных удзельнікаў. Разам са сваімі парафіянамі гэты выбар меўся зрабіць і трыццацігадовы ксёндз Ігнаці Казлоўскі з Вялікай Бераставіцы.

 

Некаторыя гісторыкі безапеляцыйна называюць Казлоўскага чальцом Гродзенскай Рэвалюцыйнай Арганізацыі, як напрыклад даследчык Сымон Барыс у сваім артыкуле “Сістэма кіравання паўстаннем 1863-1864 гг. у Літве і Беларусі”. Іншыя, напрыклад, бераставіцкі краязнавец Андрэй Втарушын, якому належыць адзіны артыкул, прысвечаны асобе Казлоўскага, упэўнены, што ксяндза ў шэрагі паўстанцаў залічылі памылкова.

 

Кім быў Казлоўскі насамрэч? Ці друкавалася, напрыклад, у сутарэннях вяліка-бераставіцкага касцёлу “Мужыцкая Праўда”, якую зараз ужо дзе-нідзе мілагучна называюць “Лістамі з Бераставіцы”? Дачытаўшы артыкул да канца можна будзе пераканацца, што ў жыцці кс. Казлоўскага насамрэч больш пытанняў, чым адказаў.

 

…У звычайнай сялянскай сям’і Якава Казлоўскага ў 1832 г. нарадзіўся сын Ігнаці. Будучы ксёндз з’явіўся на свет на заходняй мяжы беларускіх этнічных земляў – у мястэчку Заблудаў пад Беластокам. Адукацыю Ігнаці атрымаў у Беластоцкай гімназіі, якую скончыў у 1848 г. У ягоным чатырохкласным пасведчанні адзначаны поспехі ў гістарычных навуках. З 1850 г. – вучыцца ў Віленскай рыма-каталіцкай духоўнай семінарыі. У 1856 г. рукапаложаны ў духоўны сан і выконвае абавязкі вікарыя ў Ялаўскай (Беластоцкі павет), Лідскай (Лідскі павет) і Ляцкай (Мінскі павет) парафіях.

 

Жыццё і побыт парафіянаў, рамантыка “забранага краю”, як часта называлі тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, натхнілі ксяндза на гістарычныя розшукі. Гэта і абумовіла яго супрацу з Віленскай археалагічнай камісіяй – навукова-асветніцкім таварыствам, якое дзейнічала ў Вільні пры Музеі старажытнасцей ў 1855-1865 гг. Заўважым, што сама камісія, як і музей, лічыліся патрыятычнымі асяродкамі, і былі згорнутыя (музей – разрабаваны) неўзабаве пасля падаўлення Паўстання.

 

На пачатку ліпеня 1862 года ксёнд Ігнаці ўзначальваў рыма-каталіцкую парафію ў Вялікай Бераставіцы. Зразумела, што малады адукаваны чалавек не змог застацца ў баку ад падзеяў, што імкліва апанавалі ўвесь край…

Касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы, здымак Дзяніса Салаша, hramy.com

 

Краязнавец Андрэй Втарушын катэгарычна сцвярджае, што, “…доля ўдзелу Ігнація ў гэтым паўстанні была невялікая. Як служыцель культа ксёндз Ігнацій чулліва адносіўся да мяцежнікаў, але сам не прымаў удзел у мецяжы. Па словах самога ксяндза Казлоўскага, на першых допытах Ваўкавыскай ваенна-следчай камісіі 16 сакавіка 1864 года: «Из Берестовицы никто в мятеж не пошел, из прихожан с которыми мог я встречаться, никто в мятеж не пошел. А только те, которые жили далеко и были знакомы с Петром Радовицким и священником Котовичем».

 

Аўтар паказвае, што Ігнаці не прымаў удзел у паўстанні, але сімпатызаваў паўстанцам.  Пры гэтым у гродзенскім нацыянальным архіве захоўваюцца дакументы, якія сведчаць аб  блізкім знаёмстве ксяндза з Кастусём Каліноўскім. Разбіраючы паліцэйскія рапарты тых часоў можна пераканацца, што Казлоўскі “пакрываў” будучага кіраўніка Паўстання ў Літве ды Беларусі. Размова ідзе аб тагачаснай справе супраць распаўсюднікаў “Брошур возмутительного содержания под заглавием Мужытскай правда Викентия Калиновского”, якія з’явіліся на Гродзеншчыне ў кастрычніку 1862 г.

 

9 лістапада 1862 г. падчас допыту ксёндз Ігнаці паведаміў начальніку корпусу жандармаў Вітту, што імя яго сябра не Вікенцій, як сцвярджаў следчы Калсяпекін, а Канстанцін. Ксёндз далей блытае следчых, паведамляючы, што ў той дзень, калі раскідвалі “Мужыцкую праўду”, ён разам з Каліноўскім ехаў у Гродна, але даехаў Канстанцін толькі да Індуры, дзе і застаўся на начлег. Таму Каліноўскі ні ў якім разе ў той дзень ды час не мог раскідваць скруткі з газетай.

 

Такім чынам, можна лічыць, што ксёндз Ігнаці быў звязаны з падполлем і дапамагаў аднаму з яго кіраўнікоў як мінімум з 1862 г. Дарэчы, як сябра Гродзенскай Рэвалюцыйнай Арганізацыі ксяндза Ігната ўзгадвае ў сваіх успамінах і Ф. Ражанскі – адзін з удзельнікаў паўстання і блізкі паплечнік Каліноўскага.

 

Храналагічна ў той жа час мела б друкавацца ў сутарэннях касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бераставіцы легендарная “Мужыцкая Праўда”, аб чым сведчыць зараз таблічка каля руінаў касцёла. Доказам на карысць “бераставіцкай легенды” маглі б служыць тыя самыя рапарты следчых, згодна з якімі Казлоўскі ездзіў разам з Каліноўскім па Гродзеншчыне. Захоўваць тэхніку ў сакральным будынку было б лагічна: усё ж такі вобшук у касцёле яшчэ перад пачаткам Паўстання стаўся б рэзанансным прэцэдэнтам…

 

Той жа краязнавец Втарушын, зрэшты, назваў у тэлефоннай размове падобныя звесткі “міфам” ды “заманухай для турыстаў”, якіх у Бераставіцы, чамусці, пакуль не так і багата. Але менш з гэтым.

 

У 1863 г. на Казлоўскага ў Гродзенскай канцылярыі была заведзеная крымінальная справа за “спачуванне паўстанцам”. На допытах Ваўкавыскай ваенна-следчай камісіі ў сакавіку 1864 г. ксёндз Ігнаці паведамляў: «Главным источником ложного доноса на меня считаю священника Котовича… Так как священник Котович гоняет и преследует католиков, называет их мятежниками и язычниками».

 

І тут варта прывесці цікавы эпізод. З артыкула Втарушына і некаторых дакументаў НГАБ у Гродна вынікае, што канфлікт паміж ксяндзом Казлоўскім і праваслаўным святаром Катовічам узнік у вёсцы Мянькі яшчэ ўвесну 1863 г. Ксёндз Ігнаці спавядаў тады жыхароў вёскі перад Вялікаднем. А праз некаторы час жыхароў вёскі Мянькі сустракаў ужо святар Ялаўскай царквы Катовіч. Даведаўшыся, што сяляне ўжо атрымалі прычасце ад ксяндза, святар быў раз’юшаны, што і вылілася ў абвінавачванне ксяндза Ігнація ў мецяжы.

 

Гісторыя з міжканфесійным канфліктам ва ўмовах Паўстання – нібы стандартная. Цікавы яе працяг. У лістападзе 1864 г. быў затрыманы святар Ялаўскай царквы Катовіч. На допытах ён зноў абвінаваціў перад следчымі Казлоўскага ў стасунках з паўстанцамі. Але жыхары Вялікай Бераставіцы і вёскі Мянькі, заступіўшыся за свайго ксяндза, не пацвердзілі гэтага. Мянькоўскія сяляне пры гэтым сцвярджалі, што Катовіч дрэнна адносіўся да католікаў, называючы іх мяцежнікамі.

 

17 лістапада 1864 г. Ваўкавыскі ваенны начальнік піша гродзенскаму генерал-губернатару: «… по не имению в деле доказательств виновности Козловского, освободить его от ответственности по сему делу».

 

Нечаканую кропку ў гэтай справе паставіў генерал-губернатар М.М. Мураўёў. У лісце да гродзенскага губернатара І.М. Скварцова ад 30 лістапада 1864 г. ён піша, што …Катовіч удзельнічаў у мецяжы разам з памешчыкам Радавіцкім і менавіта святар Катовіч агаварыў Казлоўскага ў прыналежнасці да паўстання! За Казлоўскага заступіўся сам Мураўёў?..

 

На пачатку снежня 1864 года Казлоўскі вызвалены з-пад хатняга арышту, пасля чаго неўзабаве атрымлівае асаблівы білет на права жыхарства ў Вялікай Бераставіцы Гродзенскага павета. 22 снежня 1864 г. Ігнацію вяртаюць арыштаваную маёмасць, аб чым ксёндз піша распіску гродзенскаму губернатару.

 

Хатні арышт, канфіскацыя маёмасці, допыты ваенна-следчай камісіі на працягу васьмі месяцаў 1864 г. прымусілі ксяндза Казлоўскага падаць прашэнне ў Віленскую епархію, каб пакінуць бераставіцкі прыход і …перайсці з рыма-каталіцтва ў праваслаўе. Такая акцыя магла быць прыкладам “амністыі” для іншых святароў-капеланаў Паўстання.

 

Вядома, што пасля падаўлення Паўстання 1863 больш за 80 тысяч чалавек на тэрыторыі Расійскай Імперыі перайшлі ў праваслаўе з каталіцтва, каля 70 тысяч з іх прыходзілася на Віленскую, Гродзенскую і Мінскую губерні. Наўрадці гэтыя змены адбываліся ў атмасферы малітваў ды духоўных пошукаў…

 

Хто ведае, мажліва менавіта такі радыкальны крок і быў адной з умоваў вызвалення Казлоўскага?

 

2 жніўня 1865 г. Ігнаці Казлоўскі прымае праваслаўны хрост у Свята-Мікалаеўскай царкве Вялікай Бераставіцы, што дазволіла яму стаць настаўнікам гісторыі і геаграфіі і працаваць у Вялікарасійскіх губернях. Яшчэ раней у ліпені 1865 года Ігнацій атрымлівае дазвол у Віленскага акруговага інспектара В. Куліна здаць экзамен на званне настаўніка ўніверсітэтаў. Пасля паспяховай здачы экзамена І. Казлоўскі залічаны студэнтам І курса Імператарскага Маскоўскага універсітэта, дзе слухае прафесарскія лекцыі на працягу 1865-1866 вучэбнага году.

 

З вясны 1866 г. Ігнацій Казлоўскі ўжо працуе настаўнікам Новаржэўскага павятовага вучылішча Пскоўскай губерні. Праз нейкі час – у якасці чыноўніка па асобых даручэннях пры ўпраўленні Віленскай вучэбнай акругі.

 

Са студзеня 1870 г. Казлоўскі зноў працуе настаўнікам, але пазаштатным, у Віленскай гімназіі. Пасля скарачэння сваёй пасады Ігнацій накіроўваецца ў Казанскую вучэбную акругу, дзе з чэрвеня 1873 г. па май 1882 г. працуе настаўнікам Пензенскай гімназіі. Выкладае гістарычныя навукі, якімі цікавіўся на працягу ўсяго жыцця.

 

Пензенскі перыяд жыцця Ігнація Казлоўскага скончыўся пераводам яго на працу настаўнікам Усць-Мядзведзіцкай мужчынскай гімназіі Харкаўскай вучэбнай акругі ў 1882 г.

 

У гэты час Казлоўскі хадайнічае аб прызначэнні яму пенсіі, звяртаецца да папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі аб вызнанні яго рэлігійнай дзейнасці 1856-1865 гг. за дзяржаўную службу (!). З ліста дырэктара Усць-Мядзведзіцкай мужчынскай гімназіі да Гродзенскага губернатара Н.М. Цэймерна ад 4 мая 1882 г. бачна, што Казлоўскі не толькі настаўнік, але і калежскі асэсар. Далейшыя старонкі з жыцця Ігнація пакуль невядомыя. Памірае Ігнаці Казлоўскі ў 1898 г.

 

Дзяржаўная служба, тым больш на пасадзе настаўніка гуманітарнай дысцыпліны – знак нечаканага даверу з боку ўлады да некалі “бунтарскага ксяндза”. Хадайніцтва аб прызначэнні яму пенсіі і кваліфікацыі рэлігійнай дзейнасці (якой ён фактычна зрокся) за дзяржаўную службу – не можа не пакідаць пэўных пытанняў…

 

Аднак апеляваць мы можам толькі да фактаў. Нельга назваць Казлоўскага “прафесійным рэвалюцыянерам”, які ўсё жыццё паклаў на алтар ідэі – як паўстанца яго згадвае толькі Ражанскі ды і тое ўжо ў 1903 г. Яго кантакты з Каліноўскім ды “бераставіцкая” “Мужыцкая Праўда” – тэмы далейшых гістарычных пошукаў. Аднак нельга назваць Казлоўскага і здраднікам: невядомы пакуль на падставе дакумантаў аніводзін выпадак “здачы” ім сваіх сяброў.

 

Ксёндз Казлоўскі – хутчэй быкаўскі персанаж, які апынуўся не ў тым месцы ды не ў той час, але быў пастаўлены перад ВЫБАРАМ. Зразумеўшы, што Паўстанне не мае аніводнага шанцу на перамогу і пасля задушэння “бунту” яго чакае шыбеніца альбо катарга, Ігнаці знаходзіць мажлівасць адшукаць свабоду ды ўратаваць і так паламанае лёсам жыццё, не атрымаўшы пры гэтым кляйма здрадніка.

 

Кажучы пра Паўстанне і яго ўдзельнікаў праўду, мы ніякім чынам не руйнуем памяць аб нашых нацыянальных героях. Тым больш, мы не маем права судзіць людзей, што апынуліся ў той складанай сітуацыі. На нашу думку, прыклад Казлоўскага павінен не расчароўваць, а засцерагаць, адначасова прымушаючы яшчэ і яшчэ раз са здзіўленнем глядзець на тых яго паплечнікаў, якія не зракліся сваёй ідэі нават на эшафоце.

 

На першым здымку – інсцэнізацыя падзей паўстання ў скансэне ў Радаме (Польшча)

Здымак Marcin Kucewicz / AG