Нямецкія і польскія мастакі намалявалі “сваю Гародню”

|

Шмат хто з творцаў быў у нас упершыню і гэтыя першыя уражанні, пакладзеныя на палотны, добра адлюстроўваюць, як творчыя людзі бачаць наш горад. Праз гэтыя карціны і мы можам дакрануцца да гэтага бачання ды неяк па-іншаму зірнуць на старыя будынкі, каля якіх мы праходзім штодня, ужо не зважаючы на іх хараство.

“Я ніколі не бачыла, каб людзі з такой цікаўнасцю ўглядаліся ў наш горад. Вось, што значыць – мастакі! Перафатаграфавалі, літаральна, кожны каменчык, балкончык, кожную лесвіцу”, – падзялілася ўражаннямі гаспадыня галерэі Марыя Мацко.

Карціны, намаляваныя падчас пленэра, размясцілі ў памяшканні і на вуліцы, каб усе ахвотныя маглі разглядзець палотны.

“На нашым рахунку, калі мы пачыналі, было “зэро”, – працягвала спадарыня Марыя, – але знайшлося шмат цікаўных і актыўных людзей, дзякуючы якім гэты пленэр мы змаглі правесці.

 

Ён сапраўды атрымаўся нейкім народным. Польскія і нямецкія мастакі жылі ў неабыякавых гарадзенцаў, якія пагадзіліся прыняць у сябе замежных гасцей. Можна адзначыць, што і нашыя сем’і і госці-мастакі за гэты тыдзень з незнаёмых людзей ператварыліся ў сапраўдных сяброў”.

Намаляваныя ў час пленэра карціны застануцца ў нашым горадзе. Частку падораць прымаючым сем’ям і ўсім тым, хто дапамагаў ў правядзенні пленэра, частка застанецца ў галерэі.

Арганізатары падчас адкрыцця вернісажа вельмі баяліся дажджу, бо хмары ўвесь час згушчаліся над дворыкам галерэі.  Дождж сапраўды пайшоў, але не разагнаў прысутных, а наадварот – з’яднаў. Калі рэшту карцін перанеслі ў памяшканне, прысутныя, ўладкаваўшыся пад дрэвам, якое больш-менш ратавала ад  дажджу, працягнулі вечарыну.

 

Здымкі Яна Лялевіча