Парад, салют і водны феерверк. У Гродне адсвяткуюць юбілей пажарнай службы

|

У 10.30 па вуліцах Гродна пройдзе парад пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Калона рарытэтнай і самай сучаснай тэхнікі ад гасцініцы “Турыст” праз пр-т Янкі Купалы і вуліцу Сацыялістычную накіруецца на плошчу Леніна.

 

На плошчы байцы МНС пакажуць сваё майстэрства, а гарадзенцы змогуць агледзіць аварыйна-выратавальнае абсталяванне і паспрабаваць сябе ў ролі выратавальнікаў.

 

На пляцоўцы ў парку Жылібера ў 12.30 выступіць эстрадна-духавы аркестр абласнога ўпраўлення МНС. Свае таленты прадэманструюць таксама юныя выратавальнікі.

 

Палявая кухня пачастуе ахвотных салдацкай кашай і гарбатай.

 

Для дзяцей і іх бацькоў абласное упраўленне МНС падрыхтавала гульні, конкурсы і віктарыны. Тут жа, скарыстаўшыся нагодай, можна будзе набыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікіі іншыя карысныя супрацьпажарныя рэчы.

 

Свята завершыцца ў 22 гадніны салютам і водным феерверкам на вуліцы Леванабярэжнай.

 

160-годдзе пажарнай службы Беларусі адзначаецца 25 ліпеня. У гэты дзень урачыстыя мерапрыемствы для выратавальнікаў і іх сем’яў пройдуць у абласных падраздзяленнях МНС.

 

Толькі за першыя 6 месяцаў 2013 года падраздзяленні МНС Гродзенскай вобласці ліквідавалі 428 пажараў, выратавалі 21 чалавека, эвакуявалі 493, ад знішчэння ўратаваныя 316 збудаванняў і 19 адзінак тэхнікі.

 

За гэты ж перыяд на пажарах загінулі 46 чалавек (за аналагічны перыяд летась – 63), 33 з іх сталі ахвяралі неасцярожнага палення. Матэрыяльныя страты ад пажараў перавысілі 8 мільярдаў рублёў. 79,9% пажараў здарыліся ў жылых дамах, пераважная большасць – з-за неасцярожнага абыходжання з агнём саміх жыхароў.


Здымак mchs.gov.by