Вайсковыя могілкі – зручнае месца для выгулу сабак?
Вечар, “парк” на Белуша. Крыжы ды помнікі, якія заклікаюць паважаць памяць салдатаў. На цагляных пастаментах сядзяць дзве дзяўчыны. Побач бегаюць іх сабакі.
– А вы кожны дзень тут з сабакамі гуляеце? – пытаюся.
– Не, не кожны, – адказвае старэйшая з іх з асцярогай.
– А ці можна тут выгульваць сабак? Вы ведаеце, што тут помнік, салдаты пахаваныя?
– А піва тут піць можна? Вунь там сядзяць і п’юць, а тое, што мы гуляем – гэта не страшна! – адказвае жанчына агрэсіўна і замінае мне сфатаграфаваць яе сабаку.
Праходжу троху далей, і ўжо каля помнікаў польскім салдатам заўважаю жанчыну з маленькай дачкой, побач з якімі таксама гуляе сабака.
– Ведаеце, што тут пахаванні розных ваенных часоў? Гэта помнік салдатам, а вы тут з сабакам…
– Салдаты паўсюль пахаваныя, – адказвае жанчына і прыспешвае дачку за сабой. Тая здзіўленна азіраецца: яна хіба і не задумвалася пра тое, што сабачка гуляе па могілках і “робіць свае справы” тут жа.
На выхадзе са скверу, ужо каля чырвонай зоркі з кветак, сустракаю двух міліцыянтаў, што крочаць насустрач.
– Скажыце, калі ласка, ці можна ў гэтым скверы выгуліваць сабак?
– Падаецца, не, – разгублена адказалі патрульныя на нечаканае пытанне.
– А вы папярэджваеце гаспадароў сабак, што нельга? Увогуле, што вы робіце, калі сустракаеце там людзей з сабакамі?
– Нічога не робім. Няма загаду рэагаваць на такое, – адказалі міліцыянты ўжо больш упэўненна.
Гэтая тэма ўжо неаднаразова ўздымалася неабыякавымі гарадзенцамі, якія звярталіся ў міліцыю, гарвыканкам і ЖЭС. Але нічога так і не змянілася: сабак і надалей выгульваюць на могілках.
ДАВЕДКА
Вайсковыя могілкі былі закладзеныя ў Гродне ў 1888 годзе і пачаткова складаліся з лютэранскай часткі (паўднёвай) і часткі для жаўнераў іншых хрысціянскіх канфесій. У часе Першай сусветнай вайны на могілках было пахавана шмат нямецкіх жаўнераў і афіцэраў. У міжваенны перыяд на могілках перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля былога кармяліцкага кляштара (вул. Маставая, сёння Прыёрбанк) і Фары Вітаўта.
Тут таксама хавалі загінуўшых у польска-савецкай вайне, савецкіх салдат, што загінулі ў 1939 і 1944 гадах, нямецкіх жаўнераў. У пачатку 1990-х гадоў быў усталяваны знак-крыж памяці жыхароў Гарадзеншчыны, што загінулі ў час сталінскіх рэпрэсій. |
||