Актывісты з Гродна павіншавалі Зміцера Дашкевіча з днём нараджэння

Як паведаміла старшыня моладзевай арганізацыі АГП “Маладыя Дэмакраты” Аляксандра Васілевіч, у гэты акт салідарнасці кожны прысутны на офісе змог унесці сваю лепту, напісаўшы некалькі слоў.

 

“Атрымаўся вялікі ліст з віншаваннямі, у якім напісалі свае цёплыя словы больш за дзесяць гарадзенцаў. Мы спадзяемся, што гэта будзе добры падарунак да дня нараджэння, які Зміцер святкуе 20 ліпеня”, – сказала Васілевіч “Твайму стылю”.

 

Нагадаем, што лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч 24 сакавіка 2011 быў асуджаны на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і адсвяткуе сваё 32-годдзе ў сценах гарадзенскай турмы. 28 жніўня 2012, прама ў Глыбоцкай калоніі, Зміцер быў асуджаны зноў – за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі”. Суд, які адбыўся ў закрытым рэжыме, дадаў да тэрміна Дашкевіча яшчэ адзін год.

 

З кастрычніка 2012 Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў турме №1 у Гродне – адной з найбольш строгіх у краіне. Выйсці на волю Дашкевіч мае 28 жніўня, аднак і яго жонка Наста Дашкевіч, і яго калегі, кажуць аб магчымым датэрміновым вызваленні.