Турку: сталіца сапраўднай Фінляндыі
Тыдзень таму я трапіла ў Фінляндыю, якая вельмі выбіваецца з вобразу тыповай еўрапейскай краіны.
З аднаго боку яна вельмі падобная на вялікую ўтульную вёску, дзе кожны знойдзе сабе прытулак і занятак.
З іншага боку, для аматараў шумнага начнога жыцця тут таксама безліч магчымасцяў. Самі фіны называюць сваю сталіцу Хельсінкі сталіцай клубаў. Такое ж меркаванне пра гэты горад я пачула і ад эстонцаў, якія гасцююць тут вельмі часта.
Аднак я адпачывала ў іншым фінскім горадзе – Турку.
Турку задаволіць патрэбы як аматараў гісторыі, так і аматараў актыўнага адпачынку
Гэтае месца самі фіны любяць значна болей за сталіцу. Горад даволі невялікі па беларускіх мерках (каля 180 тыс. жыхароў), але ў Фінляндыі лічыцца адным з найбуйнейшых.
Горад з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам правінцыі Varsinais-Suomi, назву якой можна перакласці як “Сапраўдная Фінляндыя”.
Турку вельмі зялены і ўтульны. Тут ёсць і азеры, і рака, і Балтыйскае мора. Раней ён быў сталіцай Фінляндыі. Тут жыў заснавальнік вядомай еўрапейскай сеткі фастфуду Hesburger.
Мноства вады і зеляніны – неад’емныя характарыстыкі горада
А яшчэ тут была рэзыдэнцыя шведскага караля Юхана ІІІ, жанатага на Кацярыне Ягелонцы – дачцы польскага караля і Вялікага княза Літоўскага Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы, маці Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта ІІІ Ваз (быў таксама каралём Швецыі).
Адзін з гістарычных будынкаў у цэнтры горада
У 10-20 км. ад Турку знаходзіцца невялічкі гарадок Наанталі, дзе месціцца летняя рэзідэнцыя прэзідэнта Фінляндыі (на здымку ніжэй).
Дарога. Лепшы варыянт дабрацца да Турку – пачаць з Вільні, абраўшы адзін з некалькіх варыянтаў падарожжа. Я ляцела з Вільні на самалёце праз Рыгу. Білет каштаваў 170 еўра ў абодва бакі, але калі набываць раней, чым за тыдзень, будзе значна таней. Я скарысталася авіякампаніяй Airbaltic, якая прапануе даволі танныя і камфортныя рэйсы па балтыйскіх краінах. Можна набыць квіткі і ў такіх кампаніях, як Ryanair, Wizz Air.
Другі, больш танны варыянт – паехаць да Таліна на аўтобусе, а адтуль на пароме да Турку. Аўтобусы вельмі камфортныя: тут ёсць вай-фай, прыбіральна, ежа. Дарога да Таліна з Вільні зойме 9 гадзін і будзе каштаваць… усяго 3 еўра. Ад сталіцы Эстоніі кожную гадзіну ходзіць паром на Турку. Квіток на яго ў залежнасці ад розных фактараў будзе каштаваць ад 24 да 40 еўра.
Я жыла ў знаёмых і не мела патрэбы здымаць гатэль. Таму, каб зберагчы час і сілы, абрала самалёт. Палёт з перасадкай у Рызе заняў тры гадзіны.
Кірмаш у Турку
Ежа. Паесці ў Турку можна, па словах фінаў, вельмі танна. Трапіўшы ў рэстаран у цэнтры гораду, я замовіла салатку з чырвонай рыбай, якая каштавала мне 16 еўра. Кошт даволі вялікі, але я атрымала велізарную талерку салаткі, якой можна было накарміць трох-чатырох чалавек.
Кухня ў Фінляндыі даволі цікавая. Асабліва гэта тычыцца напояў. Напрыклад, фіны робяць лікер з лакрыцы (9 еўра за 0,4 літра), але самі не вельмі яго любяць. Даволі папулярны летні напітак – Лонгера (слабаалкагольны, падаецца вельмі халодным). Лонгеру пьюць на кожным кроку. Кошт напою – 6 еўра (0,5 літра).
Транспарт. Праезд у грамадскім транспарце ў Фінляндыі каштуе даволі дорага: 2,5 еўра за паездку. Аўтобусы вельмі камфортныя, з кандыцыянерамі. Таксі таксама вельмі дарагое. Амаль 21 еўра я заплаціла за 5-6 кіламетраў.
Аматараў вандровак тут чакаюць фантастычныя па сваёй прыгажосці краявіды
Людзі. Фіны кажуць, што яны вельмі халодны і закрыты народ, але ў той жа час, усе навокал усміхаюцца і вітаюцца! Амаль усе могуць размаўляць па-ангельску.
Кожны другі на вуліцы мае татуіроўку. Аднойчы мне давялося мне вячэраць ў звычайнай фінскай сям’і, якая жыла ў невялікім доме з вельмі акуратным і густоўным інтэр’ерам, з двумя сабачкамі і сваім агародам.
Гаспадыня адразу выйшла і павіталася, запрасіўшы ў дом, дзе каля вялікага стала з ежай прапанавала ўзяць тое, што спадабаецца і знайсці сабе для вячэры найбольш утульнае месца ў доме. Гаспадыня і гаспадар паводзілі сябе даволі стрымана, але вельмі ветліва.
Таксама на гадзінку я апынулася ў кампаніі фінскіх футбольных фанатаў. Гэта вельмі каларытная група людзей. Хлопцы ў кашульках любімага клуба, з татуіроўкамі, вельмі стылёвыя, спакойна і весела праводзілі вольны ад працы час.
Адпачынак. Тыповы фінскі адпачынак вельмі актыўны. Гэтыя людзі любяць выпіць пляшачку піва і пайсці ў караоке-бар, якіх у Турку вельмі шмат.
Сонца, цёплае паветра, вада: летняе фінскае шчасце
Калі надвор’е спрыяе (гэта азначае, што на вуліцы 20-22 градусаў цяпла), людзі едуць на мора ці на возера. Дзён з такім цёплым надвор’ем, па словах фінаў, бывае прыкладна 10 на год. У самыя цёплыя месяцы (ліпень-жнівень) сярэдняя тэмпература паветра складае тут 15-17 градусаў.
Лясное возера ў ваколіцах Турку – адно з любімых месцаў адпачынку мясцовых жыхароў
Акрамя караоке-бараў вельмі папулярны від адпачынку – міні гольф. Мне з маімі тамтэйшымі сябрамі давялося нават адстаяць чаргу, каб трапіць на пляцоўку для гульні! Моладзь таксама вельмі любіць адпачываць у клубах, але патрапіць туды ў мяне не атрымалася.
Уражанні ад вандроўкі ў Фінляндыю вельмі моцныя. Я раю з’ездзіць туды людзям, якім надакучыла вандраваць па еўрапейскіх краінах кшталту Германіі, Францыі, Польшчы, Чэхіі і г.д.
Канечне, такая вандроўка каштуе грошай, але я асабіста яшчэ ні хвіліны не пашкадавала пра дні, праведзеныя ў Турку.
Фота аўтара
Чытай таксама іншыя падарожныя нататкі аўтараў “Твайго стылю”. Націсні для гэтага на любую з метак на нашай інтэрактыўнай мапе падарожжаў.
Глядзі Мапу падарожжаў “Твайго стылю” у большым памеры