Беларускія Карыбы пад Ваўкавыскам – прыгожа і небяспечна
Крэйдавыя кар’еры знаходзяцца ў Ваўкавыскім раёне. Хаця такія ж ёсць і ў іншых месцах, тут іх найбольш. Належаць яны ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”.
Калі зайсці на сайт прадпрыемства, адразу выплывае акно, у якім папярэджваюць гасцей пасёлка ні ў якім разе не купацца ў кар’ерах. Бо крэйдавыя кар’еры часта абсыпаюцца. А таксама таму, што ў вадзе колькасць каліформных і тэрматалерантных бактэрый перавышае норму ад 60 да 100 (!) разоў.
Пра забарону знаходжання ў тэхналагічнай зоне нагадваюць і шыльды.
Але гэта нікога не стрымлівае. Дзясяткі машын можна сустрэць на ўзбочыне белай ад крэйды дарогі. Едуць не толькі з Гарадзеншчыны, але і з няблізкага Мінска. Да сталіцы – 270 км.
Калі з’язджаеце з трасы да кар’ераў, менавіта белы колер дарогі адразу прыцягвае ўвагу. Спачатку здаецца, што гэта наступствы нейкая тэхнагеннай аварыі. Наглядзеўшыся сучасных фільмаў, можна набраць у галаву і не такога.
А з-за павароту даносіцца гул, нібыта дзесьці побач ляціць верталёт. Насамрэч, гэта шматтонныя волаты БелАЗы.
Раней даводзілася бачыць іх выключна на фотаздымках. Але ў рэальнасці яны не зрабілі моцнага ўражання. Здавалася, што яны павінны быць куды большымі, хаця і так зусім не маленькія.
Яны ездзяць, уздымаючы хмары белага пылу, які пасля асядае на аўтамабілі. Паездку давядзецца заканчваць наведваннем аўтамыйкі.
Кар’ераў некалькі. Мы адправіліся на Карпаўцы. Згодна з картамі Гугла, у гэтым месцы іх тры.
Краснасельскія кар’еры ўвесь час абмяркоўваюць на форумах. З года ў год сваімі ўражаннямі ў інтэрнэце дзеляцца тыя, хто дабраўся да “блакітнай вады”. Некаторыя сцвярждаюць, што часам пад’езд да іх ахоўваюць міліцыянты: не даюць легкавікам пад’ехаць. Штрафуюць за няправільную паркоўку. Штрафуюць нібыта і за купанне. Толькі мы не сустрэлі ніводнага міліцыянта, і ніхто не пагражаў нам.
Кар’еры розныя. Самы блакітны і найбольш аблюбаваны людзьмі — першы. Да яго ісці з кіламетр ад дарогі. Адразу вас сустракае вялізны экскаватар, а побач з ім, у вагончыку, ёсць вартаўнік.
Вартаўнік сумна прагульваўся па вуліцы, не звяртаючы ўвагі на турыстаў, што пастаянна “цяклі” да кар’ера альбо назад. Калі яму і трэба нікога не пускаць, то, відаць, надакучыла папярэджваць пра адказнасць.
Дарога да кар’ера выкладзеная бетоннымі плітамі. Некалі па іх таксама ездзілі БелАЗы. Уздоўж дарогі абрэзалі электрычнасць, але ліхтары засталіся.
На кар’еры вельмі абрывісты бераг. Не кожны рашыцца спусціцца да вады.
Хаця кажуць, што дзесьці далей ёсць і іншы — пакаты. Пужаюць, што кар’еры глыбокія — да 40 метраў. Але ёсць месцы, дзе не больш за калена.
Толькі такіх мала. Больш давядзецца плаваць, чым хадзіць па дне.
Сюды прыязджаюць нават з намётамі — на некалькі дзён. Шашлык, гарэлка, песні…
Хто не рашаецца купацца, проста атрымлівае асалоду ад прыроды.
Шкада, што кар’еры так і не зрабілі турыстычнымі аб’ектамі. А пакуль гэтага няма, то ўсе наведваюць іх на свае страх і рызыку. На жаль, не ўсе навучыліся прыбіраць за сабой: смецце можна сустрэць паўсюль, дзе адпачывалі несумленныя людзі.
У суседнім кар’еры вада не такая блакітная.