Сямён Шапіра лічыць завышанымі заробкі трэнераў і футбалістаў “Нёмана”

|

Каментуючы штомесячны заробак Саладоўнікава ў 24 млн. рублёў, Шапіра адзначыў: «Гэта заробак трох маіх намеснікаў. А па вобласці сярэдні заробак 4,2 міліёна” – цытуе кіраўніка вобласці “Вечерний Гродно”.

 

Сямён Шапіра таксама папрасіў прадставіць яму звесткі пра тое, у колькі абыходзіцца камандзе 1 хвіліна знаходжання на полі бразільца Нікаласа Сеаліна, які не забіў сёлета аніводнага гола, але мае заробак у 32 млн. рублёў.

 

Журналісты “ВГ” зрабілі такія падлікі. Паводле іх дадзеных, з сакавіка да ліпеня футбаліст павінен быў зарабіць 160 міліёнаў рублёў. За гэты час бразілец сумарна згуляў на полі ўсяго 185 хвілін, бо не з’яўляецца гульцом асноўнага складу.

 

Журналісты падзялілі заробак на колькасць згуляных футбалістам хвілін і вылічылі, што за адну хвіліну ўдзелу ў гульні легіянер з Бразіліі, жанаты на гарадзенцы, зарабляе 860 000 руб., альбо каля 100 даляраў.

 

Хвіліна знаходжання бразільца Сеаліна на полі каштуе зараз “Нёману” сто даляраў

 

Нікалас Сеалін (на здымку зправа) падпісаў кантракт тэрмінам на адзін год перад пачаткам гэтага сезона. У складзе “Нёмана” ён гуляў таксама ў 2009 годзе (11 матчаў, 1 гол).

 

“Твой стыль” ужо пісаў, што кіраўнік вобласці незадаволены вынікамі, якія паказвае апошні час “Нёман”.

 

Калі вясной каманда ўпэўненна трымалася ў шасцёрцы наймацнейшых каманд, то зараз клуб займае 7-е месца. Да канца першай паловы чэмпіянату, па выніках якой барацьбу за медалі працягнуць толькі шэсць лепшых каманд, гарадзенцам застаецца згуляць 4 сустрэчы. Усе – з камандамі, якія ідуць зараз у турнірнай табліцы вышэй за “Нёман” (“Шахцёр”, “Гомель”, “Дынама-Мінск”, “Тарпеда-БелАЗ”). Захаваць існуючы ў клубе памер заробкаў гарадзенцам дапамогуць толькі станоўчыя вынікі.

 

Найбліжэйшую сустрэчу чэмпіянату гарадзенцы згуляюць 4 жніўня ў гасцёх з лідэрамі турніру – салігорскім “Шахцёрам”.

 

На здымку ўверсе: Сямён Шапіра (другі злева) назірае за гульнёй “Нёмана”

 

Фота аўтара