Распаўсюд “Газеты Слонімскай” застаецца “немэтазгодным”
Гэта ўжо чарговая спроба вярнуць “Газеце Слонімскай” і ўласнаму інфармацыйнаму дадатку “Отдушина” раўнапраўныя ўмовы з другой мясцовай газетай “Слонімскі веснік”. Не толькі рэдакцыя газеты, але і шматлікія чытачы неаднаразова звярталіся ў вышэйзгаданыя інстанцыі з просьбай дазволіць распаўсюджванне незалежнай газеты праз афармленне падпіскі на “Белпошце” і продаж у шапіках “Белсаюздруку”, але безвынікова.
Нягледзячы на тое, што рэгіянальныя структуры “Белпошты” не супраць рэалізоўваць выданне, Мінск дазволу не дае. Сярод прычынаў адмовы – вузкарэгіянальная накіраванасць газеты і спазненне з тэрмінам звароту перад фарміраваннем каталогаў падпіскі.
“Газета Cлонімская” была выкрэслена са спісу цэнтралізаванай падпіскі РУП “Белпошта” восем год назад. Нягледзячы на перашкоды, яна распаўсюджваецца незалежна ў колькасці сем тысяч асобнікаў.
Пакінуць свой подпіс у звароце ў розныя інстанцыі (РУП “Белпошта”, Міністэрства сувязі, Адміністрацыя Прэзідэнта) аб спыненні перашкод у дзейнасці “Газеты Слонімскай” можна на сайце газеты.
Здымак region4.by