Літва адмаўляецца абмяркоўваць будаўніцтва беларускай АЭС
Чарговае абмеркаванне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы з удзелам прадстаўнікоў абедзвюх краін запланавана на 17 жніўня. Беларускі бок гатовы спрыяць грамадзянам Літвы ў выдачы бясплатных віз і транспарціроўцы з мяжы да месца правядзення дыскусіі. Даступна таксама інтэрнэт-абмеркаванне на сайце пасольства Беларусі.
Але кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што Беларусь не захоўвае працэдуру канвенцыі Эспаа ААН, хаця на сайце беларускага пасольства напісана адваротнае.
Згаданая канвенцыя прадугледжвае, што публічнае абмеркаванне можа праводзіцца, калі эксперты зацікаўленых бакоў цалкам азнаёмяцца з дакументамі. Літоўскі бок яшчэ не атрымаў жаданых адказаў на свае пытанні наконт будаўніцтва АЭС. “Пакуль няма канчатковых поўных адказаў, сустрэчы з грамадскасцю не могуць праводзіцца”, – зазначыў міністр навакольнага асяроддзя Літвы Валянтынас Мазуроніс.
Асноўнай прэтэнзіяй з боку Літвы з’яўляецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі занадта блізка да літоўскай мяжы – каля 30 кіламетраў. У той жа час Літвой запланавана будаўніцтва Вісагінскай АЭС усяго ў 2,3 кіламетрах ад беларускай мяжы.