Дыстанцыйная адукацыя ў Беларусі: усё яшчэ ў стадыі разгойдвання
Для гэтага адбываліся істотныя структурныя змены, абумоўленыя развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу і яго нарастаючым уздзеяннем на ўсе бакі жыцця грамадства. Сусветная тэндэнцыя пераходу да нетрадыцыйных форм адукацыі прасочваецца і ў росце колькасці ВНУ, якія вядуць падрыхтоўку па сучасных тэхналогіях.
Дыстанцыйная адукацыя ў Еўропе атрымала інтэнсіўнае развіццё яшчэ ў пачатку 70-х гадоў. Гэта было звязана са стварэннем шэрагу адкрытых універсітэтаў, і сёння ў кожнай еўрапейскай краіне існуе група навучальных устаноў, якія рэалізуюць дыстанцыйныя праграмы. Методыкі такога навучання дастаткова добра адпрацаваныя і зарэкамендавалі сябе як рэальная альтэрнатыва вочнай форме навучання.
Рух cтудэнтаў да ведаў
Шлях ад усведамлення ідэй да поўнага ўкаранення ДА ў сістэму адукацыі ў сусветных ВНУ заняў каля 30 год. Сёння ў ЗША налічваецца больш за 1 млн. студэнтаў, якія выбралі ДА для атрымання дыплома, у Кітаі такіх больш за 2 млн., а ў Індыі – 1,5 млн. студэнтаў.
Напрыклад, дзякуючы недавучанаму калісьці студэнту Білу Гейтсу, у нашы дні працэс ДА ў Індыі пастаянна развіваецца: ён вылучыў у 2010 годзе 20 млн. даляраў у падтрымку адукацыйнага анлайн-праекта Шыкша, а годам раней – 12,9 млн. даляраў у ЗША.
У Амерыцы сярод анлайн-навучэнцаў да 22 гадоў 90% ужо маюць працу па той спецыяльнасці, якую атрымліваюць, і заробак, не ніжэйшы за 5 тысяч долараў у месяц. Былы студэнт-няўдачнік, а цяпер адзін з самых паспяховых людзей планеты, Біл Гейтс, заяўляе, што вочная вышэйшая адукацыя несправядліва задарагая, таму інтэрнэт зможа скласці рэальную канкурэнцыю ВНУ, дзякуючы сваім цэнам.
Працэс ДА ў Беларусі
У Кодэксе аб адукацыі замацаваныя дзве формы навучання – дзённая і завочная. Дыстанцыйная адукацыя з’яўляецца формай завочнага навучання.
Аднак, працэс укаранення ДА пачаўся яшчэ ў 2002 годзе, калі ўпершыню быў выдадзены загад № 94 ад 2002/03/26 “Аб правядзенні эксперыменту па арганізацыі дыстанцыйнага навучання ў БДУІР”. Тады ж быў утвораны Цэнтр дыстанцыйнага навучання БДУІР і як падраздзяленне – Факультэт завочнага і дыстанцыйнага навучання.
Навучальны працэс па дыстанцыйнай форме забяспечваюць 28 кафедраў універсітэта і каля 200 выкладчыкаў-цютараў, якія працуюць на гэтых кафедрах. Кошт адной дысцыпліны складае каля 410 000 беларускіх рублёў. За адзін акадэмічны год у сярэднім студэнту трэба засвоіць 18 дысцыплін, такім чынам, навучанне абыдзецца ў суму ад 7 300 000 рублёў.
Трэба ўдакладніць, што гэта кошт без нядаўняга падаражання на 20%. Такія сумы мала адрозніваюцца ад завочнай або вочнай формаў адукацыі ў некаторых ВНУ краіны, што з’яўляецца як мінімум незразумелым, паколькі выдаткі на ДА значна ніжэйшыя, чым пры вочным і завочным навучанні, і не стасуюцца з сусветнымі тэндэнцыямі і прынцыпамі ДА. Беларускія эксперты звяртаюць увагу на гэты ж фінансавы “нюанс”: ВНУ могуць браць са студэнтаў такую ж плату, як і з завочнікаў, хоць у дадзеным выпадку выдаткі на падрыхтоўку спецыяліста значна меншыя.
У Беларусі элементы ДА можна знайсці як у прыватных, так і ў дзяржаўных ВНУ. Такія магчымасці прадстаўлены ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ, а таксама ў Гомельскім, Баранавіцкім, Брэсцкім і Полацкім універсітэтах.
Усё яшчэ на стадыі планавання
Як вядома, у нашай краіне для ўсяго існуе план. На жаль, часта ён не суадносіцца з тымі рэальнымі запытамі і патрэбамі, якія існуюць у грамадстве.
24 чэрвеня 2013 была зацверджана канцэпцыя інфарматызацыі адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года, дзе даецца паняцце ДА як віду завочнай формы атрымання адукацыі, якая ажыццяўляецца пераважна з выкарыстаннем сучасных камунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій.
Чыноўнікі пастанавілі, што дыстанцыйную форму атрымання адукацыі варта разглядаць як адну з формаў электроннага навучання, для якой уласцівы магчымасці вучыцца незалежна ад месца працы і пражывання. Да іншых паказальнікаў аднеслі гнуткасць (магчымасць атрымліваць адукацыю ў зручны час і ў зручным месцы) і эканамічнасць (істотнае скарачэнне выдаткаў на паездкі да месца навучання).
Да перспектыўных напрамкаў ДА аднеслі дадатковую адукацыю дарослых (павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку, навучальныя курсы, падрыхтоўку да паступлення ва ўстановы адукацыі і інш), дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі (уключаючы дадатковыя заняткі па праграмах матэматычнага, эколага-біялагічнага, грамадска-гуманітарнага профіляў), спецыяльную адукацыю.
Таксама патлумачылі, што пры рэалізацыі дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі павінен істотна змяніцца характар працы педагагічных работнікаў, асноўнымі функцыямі якіх становяцца стварэнне электронных навучальных матэрыялаў і правядзенне кансультацый з навучэнцамі. Вось толькі як і хто будзе распрацоўваць і ўкараняць гэты механізм і функцыі, не ўдакладнілі, а самае галоўнае – на якіх законных падставах гэта будзе адбывацца – таксама не абазначылі.
Міністэрства адукацыі ў сваім планаванні як заўсёды аптымістычнае: рэалізацыя прынцыпаў канцэпцыі, па сутнасці, спараджае новы від навучальнага працэсу – так званае мабільнае навучанне. Выглядае вельмі лагічным і вызначэнне неабходных складнікаў: гнуткія адукацыйныя праграмы, уключэнне ў пералік дазволеных арганізацыйных формаў дыстанцыйных (анлайн) групавых і індывідуальных заняткаў і кансультацый, у асобных выпадках – нарматыўнае замацаванне поўнай або частковай замены друкаваных адукацыйных дакументаў электроннымі аналагамі і шмат чаго іншага.
Таксама спецыялісты міністэрства ў дакуменце прызнаюць, што для ўдасканалення і прынцыпова новага развіцця сістэмы адукацыі, у асаблівасці ДА, неабходна як удасканаленне заканадаўства, так і інфарматызацыя сістэмы адукацыі. Чыноўнікі адзначаюць, што для паспяховага асваення ДА трэба ў першачарговым парадку забяспечыць сістэмнасць і комплекснасць у вырашэнні задач інфарматызацыі адукацыі, што патрабуе кваліфікаваных ІТ-спецыялістаў, але пры гэтым заўважаюць, што дэфіцыт такіх спецыялістаў рэзка адчуваецца ва ўсіх галінах.
Прызнаюць і тое, што распрацаваныя адукацыйныя рэсурсы ў поўнай меры даступныя толькі ў кампутарным класе ўстаноў адукацыі, а іх прадстаўленне ў інтэрнэце недастатковае. Вызначае гэты дакумент і новы лозунг усёй сістэмы адукацыі Беларусі: “Сучасны навучэнец – мабільны навучэнец!” Пры гэтым не забываючыся нагадваць, што рэалізацыя новай канцэпцыі магчымая толькі на комплекснай аснове і пры ўмове мэтавага фінансавання ў рамках адной з дзяржаўных праграм. Пачынаючы з 2014 года, рэалізацыя асноўных палажэнняў канцэпцыі павінна ажыццяўляцца згодна з дэталёвым гадавым планам, які павінен насіць праектны характар.
На думку былога старшыні профільнай парламенцкай камісіі Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Здановіча, заканадаўцам пара звярнуць увагу на дыстанцыйную форму адукацыі. Чыноўнік адзначае, што ў Беларусі пакуль няма сур’ёзнай нарматыўнай прававой базы, якая б вызначыла працу цэнтраў дыстанцыйнага навучання, іх абавязкі і адказнасць за канчатковы вынік, што не лепшым чынам адбіваецца на якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.
Складана не пагадзіцца з былым дэпутатам. Узнікае лагічнае пытанне да прадстаўнікоў таго ж міністэрства адукацыі: ёсць прызнанне і разуменне неабходнасці заканадаўчага ўпарадкавання дыстанцыйнага навучання па розных прычынах, у тым ліку і амбітныя планы заваёвы рынку адукацыйных паслуг і далучэння да Балонскага працэсу.
Правільным з’яўляецца і сцвярджэнне, што гэты рынак актыўна асвойваецца ВНУ сумежных дзяржаў, якія прапануюць беларусам, акрамя вочнай і завочнай формаў навучання, яшчэ і дыстанцыйнае.
З 2002 года ствараюцца дакументы, якія штогод удасканальваюцца, перапісваюцца, апрабуюцца. І ўсё на першы погляд выглядае правільна і лагічна. Але чаму тады водгукі студэнтаў беларускіх ВНУ, якія навучаюцца па форме ДА, усё больш нагадваюць вядомую казку пра Ямелю і апавядаюць пра магчымасці без асаблівых высілкаў стаць уладальнікам прэстыжных дыпломаў ВНУ нашай краіны. Адкрытым застаецца і пытанне, чаму ДА сёння больш нагадвае рухавік: дзеянняў шмат, а сістэма стаіць на месцы.
Больш інфармацыі пра праблемы і перспектывы вышэйшай адукацыі ў Беларусі можна знайсці на сайце Грамадскага Балонскага камітэта.