“Кава-Малако-Франко!”

| Без катэгорыі

На радзіме Івана Франка прайшоў традыцыйны фестываль музыкі і культуры. Беларускі бок прадстаўлялі не гурты, а маўклівыя партрэты Алеся Бяляцкага.

На фэст выбраўся таксама карэспандэнт “Твайго стылю”.


Фестываль “Франко.Місія” альбо “Франкафэст” прайшоў гэтымі выходнымі каля в. Нагуевічы на Львоўшчыне. Сутнасць фэсту па вялікім рахунку ў “перазагрузцы” вобразу ўкраінскага класіка і ягонай творчасці для сучаснай  моладзі, больш звыклай да сацыяльных сетак ды начных клубаў, чым да лірыкі пазамінулага стагоддзя.

“Плач Єремії” і “Кому вниз”, “Kozak System” ды Ніно Катамадзэ, Алег Скрыпка разам з “Ле Гранд Аркестрам” – вось далёка не поўны спіс вядомых выступоўцаў. Знакавая ўмова арганізатараў фэсту: кожны выканаўца падчас выступу меў праспяваць кампазіцыю на словы “Каменяра” (як часта называюць Франка). У выніку Франко прагучаў… на 10 мовах!

Тое, што застаецца пасля свята

 

Агулам дзейнічала тры сцэны: вялікая, off-сцэна (для маладых гуртоў) ды “летняя” (альбо літаратурная) у гаі, дзе любіў гуляць класік. Напрамак музыкі, безумоўна, вельмі розны: ад джазавай Ніно Катамадзэ альбо бардаўскай “Рутэніі”, да рокавага “Кому вниз”, выступ якога гэтым разам фанаты “Карапатаў” сустракалі рознакаляровымі фаерамі.

Дарэчы, у намётавым мястэчку паміж сцэнамі сваю агітацыю размясціла арганізацыя “Міжнародная Амністыя”: са стэндаў на мінакоў глядзеў партрэт палітвязня Алеся Бяляцкага. Там жа збіраліся подпісы за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

Крыніца ў гаі, поруч з якой з’яўлялася Багародзіца

Каля летняй сцэны

Хіпаны, металісты, анархісты, фанаты фк “Карпаты” – кантынгент надзвычай разнастайны і адначасова падобны: выцертыя камуфляжныя штаны з сэканду, завушніцы ў дзяўчат ды хлопцаў, спальнікамі і карыматамі за тоўстымі заплечнікамі. Беспамылкова пазнавальнымі былі толькі мясцовыя дзяўчаты на высокіх абцасах ды ў сукнях са стразамі, якія завіталі нібы на вялікую дыскатэку.

…Дык чаму “Кава-Малако-Франко”? Менавіта такі лозунг развучваў разам з публікай трэмбітар гурту “КораЛЛі” (на здымку) падчас феерычнага выступу… Перазагрузка прайшла паспяхова.

Канец фестывалю – ранак